Г.Г.САБЫНІЧ, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сенненскага райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў: «Сярод дэпутатаў раённага Савета толькі 10 % ад агульнай колькасці непасрэдна звязаны з сельскагаспадарчай вытворчасцю»

— Вынікі   работы ў сельскагаспадарчым комплексе характарызуюць у цэлым і дэпутацкі корпус раёна. Немагчыма сабе ўявіць ход асноўных сельскагаспадарчых кампаній без удзелу ў іх дэпутатаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і іх калектываў. Правядзенне пасяўной, уборачнай, нарыхтоўка кармоў, падрыхтоўка  жывёлагадоўчых памяшканняў да зімова-стойлавага ўтрымання, будаўніцтва і добраўпарадкаванне аграгарадкоў  заўсёды з’яўляюцца аб’ектам павышанай увагі дэпутацкага корпуса. Пасільная дапамога аказана прадпрыемствам, у  прыватнасці,  СВК «Белая Ліпа», «Сінягорскае», КУСГП імя Гараўца і іншым,  у вывазцы арганікі, зносе старых  жылых і вытворчых памяшканняў, выкананні праграмы  «Чыстыя палі» дэпутатам  Сяргеем Сяргеевічам Фарэйтаравым і членамі  калектыву, які ён узначальвае.За апошнія 4 гады Сенненскім ПМС знесена 140 непрыгодных для эксплуатацыі жывёлагадоўчых памяшканняў, выканана работ на суму каля 1 млрд 400 млн рублёў.

 Дзякуючы настойлівасці дэпутатаў  Л. Е. Трубека і М.В.  Рабцава  ў мабілізацыі працоўных калектываў Багушэўска на аказанне шэфскай дапамогі, удалося своечасова і якасна ўбраць зерневыя  і льнотрасту. Важнае значэнне ў пераўтварэнні выгляду вёскі, паляпшэнні якасці жыцця сельскіх працаўнікоў мае наяўнасць  добраўпарадкаванага жылля, аб’ектаў сацыяльна-культурнага, бытавога прызначэння.

 Дэпутат  В.А. Ступаневіч прыкладае належныя намаганні па забеспячэнні своечасовага ўводу аб’ектаў у эксплуатацыю. У бягучым годзе калектывам будаўнікоў пад кіраўніцтвам Васіля Аляксандравіча ўжо здадзены ў эксплуатацыю 21 домік, яшчэ 11 будуць уведзены да канца года. Са станоўчага боку трэба адзначыць работу дэпутата В. У. Кучко ў аказанні дапамогі сельгаспрадпрыемствам у правядзенні пасяўных работ і нарыхтоўцы кармоў, уборцы ўраджаю. Як дырэктар ВДМС ён прымае непасрэдны ўдзел у правядзенні семінараў па  ўкараненні новых тэхналогій сельскагаспадарчай вытворчасці. Трэба адзначыць ролю дэпутата  М. У. Скробы ва ўмацаванні стану здароўя сельскіх працаўнікоў, у прапагандзе здаровага ладу жыцця. Заслугоўвае ўдзячнасці і дзейнасць дэпутата В. М. Шчарбаковай у рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння сельскага насельніцтва і аказанні дапамогі ў арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ў СВК «Белая Ліпа».

Аднак дэпутацкі корпус не заўсёды трымае на  пастаянным кантролі пытанні работы з насельніцтвам, аказання дапамогі ў вядзенні асабістых падсобных гаспадарак. Нялёгка ў існуючай эканамічнай сітуацыі рашаць гэтыя пытанні. За ўмераную плату сельскім жыхарам аказваецца дапамога ў апрацоўцы  прысядзібных участкаў, выдзяляюцца сенажаці, арганізаваны закуп лішкаўсельскагаспадарчай прадукцыі ў насельніцтва. Як вынік, за дасягненне найлепшых паказчыкаў у рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам 1 месца было прысуджана малаказдатчыку з в. Аўчынкава Студзёнкаўскага сельсавета Л. В. Ермашкевіч, якая рэалізавала дзяржаве 53986 кілаграмаў малака, з уручэннем грашовай прэміі ў памеры 10 базавых велічынь. Трэцяе месца заняў малаказборшчык  КУП «Наш клопат» А. В. Сінякоў, які закупіў 330 тон малака, з уручэннем грашовай прэміі ў памеры пяці базавых велічынь. Па закупу маладняку буйной рагатай жывёлы ў насельніцтва ў 2009 годзе сяродсельгасарганізацый першае месца ў ААТ «Сенненскі райаграсервіс», які закупіў 305 галоў маладняку, з уручэннем грашовай прэміі 1 млн 400 тыс. рублёў.

 Па продажу маладняку буйной рагатай жывёлы І месца прысуджана М. М.  Кржысінскаму, жыхару в.Янова Какоўчынскага  сельсавета, які рэалізаваў дзяржаве 8 галоў маладняку са свайго падвор’я, з уручэннем грашовай прэміі ў памеры  дзесяці базавых велічынь.

 Выкананы вялікі аб’ём работ па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў, аграгарадкоў. Аднак у плане добраўпарадкавання ў нас ёсць яшчэ некрануты пласт работы. Асабліва гэта бачна ў аддаленых вёсках. На навядзенне парадку ў такіх населеных пунктах дэпутацкаму корпусу неабходна звярнуць асаблівую ўвагу. Стварэнне ўмоў для паспяховага развіцця сельскай гаспадаркі павінна выдзяляцца ў якасці асноўнай задачы дэпутацкага  корпуса як на ўзроўні раённага Савета, так і ў сельскіх Саветах дэпутатаў. Толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам дасягнуць тых паказчыкаў, якія даведзены кіраўніком дзяржавы па развіцці гаспадаркі.  Таму паспяховае рашэнне дэпутацкім корпусам узнікаючых праблем будзе садзейнічаць развіццю аграпрамысловага комплексу раёна і павелічэнню на гэтай аснове ўзроўню жыцця і дабрабыту сельскіх жыхароў.

 

Запісала

Ларыса

МУКАМОЛАВА.