Саманарыхтоўкай… у разы танней
Сенненскі раён — сельскагаспадарчы. У апошні час і прамысловыя прадпрыемствы, што маюць жыллёвы фонд, і сістэма ЖКГ з мэтай патаннення гігакалорыі ўсё больш прыбягаюць да выкарыстання мясцовых відаў паліва, у прыватнасці, дроў, тарфяных брыкетаў і кускавога торфу. Мясцовыя віды паліва — гэта яшчэ і палітычнае пытанне, бо іх шырокае выкарыстанне дае магчымасць рэспубліцы менш залежаць ад замежных энерганосьбітаў, а значыць, быць больш самастойнай у правядзенні ўнутранай і знешняй палітыкі. Пытанне дроў вельмі важнае і для Сенненшчыны. Аб гэтым наш карэспандэнт і вядзе гутарку са старшынёй раённага Савета дэпутатаў М.М.Вілюгам.
— У раёне існуе філіял абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскаблпаліва». Як яно спраўляецца са сваімі задачамі?
— Ведаеце, сёння няпростая эканамічная сітуацыя, і сказаць, што тое ці іншае прадпрыемства на сто працэнтаў выканала свае задачы перад грамадствам, наўрад ці ўдасца, — кажа Міхаіл Мікалаевіч, — у сілу аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын. Таму ацэнку я б даў наступную: работа Сенненскага філіяла АУП «Віцебскаблпаліва» жадае быць лепшай. Сёння філіял дапускае значнае адставанне ад графіка завозу дроў для льготнай катэгорыі грамадзян. Праўда, не выканала графік пастаўкі яму дроў і дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова «Багушэўскі лясгас».
Аднак, я паўтаруся, што АУП «Віцебскаблпаліва» забяспечвае дровамі ў асноўным ільготнікаў: састарэлых і адзінока пражываючых грамадзян, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, пенсіянераў, інвалідаў і г.д.
— І колькі каштуе гэта задавальненне?
— Даволі дорага. Асабліва для малазабяспечаных людзей. Не кожны сёння можа адным махам выкласці з кішэні 220-300 тысяч рублёў за 4,5 м куб. драўніны, іншы раз не лепшай пароды. Сюды ўваходзяць кошт саміх дроў, дастаўка ў залежнасці ад віду транспарта і адлегласці, распілоўка.
— Як зрабіць паліва больш танным?
— Людзі чамусьці не ведаюць, што саманарыхтоўкай сёння можна ствараць зімовы запас дроў. І кошт дроў на карані вельмі танны: 200 рублёў за метр кубічны, г.зн. 10 кубікаў можна выпісаць за 2 тыс. рублёў. І схема гэта ёсць і працуе не першы год. Справа ў тым, што нямоглы чалавек сам у лес не пойдзе, а той, у каго ёсць дзеці, родзічы, сваякі, упаўне можа скарыстацца падобнай магчымасцю.
— Як трэба паступаць у гэтым выпадку?
— Грамадзянін, які жадае нарыхтаваць дровы саманарыхтоўкай, звяртаецца ў бліжэйшае лясніцтва. Ляснічы абавязаны праз лесніка або майстра зрабіць адвод участка, выпісаць ордэр, даць тэрмін нарыхтоўкі. Абавязковая ўмова не свавольнічаць самастойна, высечку весці не там, дзе душа пажадае, а там, дзе вызначыць лесагаспадарчая арганізацыя. Гэта могуць быць кусты ці нейкія зараснікі побач з ляснымі масівамі, прыдарожныя палосы, купкі хмызняку сярод палёў і г.д.
Адвесці ўчастак для саманарыхтоўкі абавязаны леснікі. Іншая справа, што яны па нейкай суб’ектыўнай прычыне могуць адмовіцца: у план не ідзе, часу няма… У такіх выпадках грамадзяне павінны паставіць у вядомасць сельскі выканаўчы камітэт, вышэйстаячую лесагаспадарчую арганізацыю, старэйшыну, нарэшце, і пытанне будзе вырашана станоўча. Для гэтага не абавязкова турбаваць старшыню райвыканкама, пісаць у аблвыканкам, тым больш, у Адміністрацыю Прэзідэнта.
Прыняць лесасеку — таксама справа работніка лясніцтва.
— Жыву, скажам, у Івонях Студзёнкаўскага сельсавета, а дзялянку для саманарыхтоўкі выдзелілі каля Сянно. Ці вартая будзе аўчынка ырабу?
— Ведаеце, лясны масіў для саманарыхтоўкі дроў не заўсёды можна «прыцягнуць» да кожнага населенага пункта, тым больш, да кожнага жадаючага. У любым выпадку пры вырашэнні праблемы лясніцтвы імкнуцца знайсці лесасеку там, каб гэта задавальняла кліента. Нават пры такім раскладзе паліва ўсё роўна будзе таннейшым, хаця транспарціроўка і нарыхтоўка дабавяць выдаткаў.
Могуць аказаць дапамогу, за пэўную плату, безумоўна, Багушэўскія лясгас і леспрамгас. У іх ёсць адходы вытворчасці, адходы ад нарыхтоўкі дзелавой драўніны, драўніна, здабытая пры распрацоўцы буралому, ад догляду лесафонду і г.д. Нарэшце, 5300 гектараў кустоўя, што будзе высякацца па праграме «Чыстыя палі», павінны задаволіць патрэбу ў мясцовым паліве.
Жывем сярод лесу, таму без дроў не застанемся, і зімой у кажуху сядзець на печы не давядзецца. Толькі трэба загадзя паклапаціцца і самому, патурбаваць тую ці іншую арганізацыю: за вашы грошы — любы капрыз.
Са старшынёй райсавета Міхаілам Вілюгам гутарыў Міхаіл Бялоў.