ЗНАЙСЦІ НІТКУ ЎЗАЕМАРАЗУМЕННЯ

1+++«Верхавіна дрэва, асветленая сонцам,…» — дыктавала настаўніца. Вучні, схіліўшыся над сшыткамі, пачалі старанна выконваць заданне: сямікласнікі вывучалі дзеепрыметны зварот. Настаўніца ўважліва сачыла за класам. Вось адзін з хлопчыкаў падняў галаву, у вачах чыталася пытанне. Яшчэ не ўбачыўшы напісанага, педагог беспамылкова вызначыла, у чым адчуў складанасць вучань…

Так адбылося наша знаёмства з настаўніцай СШ №1 г.Сянно Наталляй Іванаўнай Сінкевіч. Адпрацаваўшы ў сферы адукацыі дваццаць восем гадоў, яна ні на імгненне не пашкадавала аб сваім выбары. «Памяняла б, вядома, што-небудзь у жыцці, але толькі не прафесію», — шчыра прызнаецца педагог.
Што будзе менавіта настаўніцай, вырашыла ў дзяцінстве. «Яшчэ не ўмела пісаць, а ўжо гуляла «ў школу», — гаворыць Наталля Іванаўна. Перш была мара вучыць самых маленькіх. Але ў дзявятым класе ў вясковую школу ў Бешанковіцкім раёне, дзе вучылася Наташа, выкладаць беларускую мову і літаратуру прыйшла Ларыса Віктараўна Малах. Гэта быў настаўнік ад Бога. «Спачатку я закахалася хутчэй у педагога, чым у прадмет, — успамінае мая субяседніца. — Настолькі цікавы, добры, з адкрытай душой гэта быў чалавек». Наталля Іванаўна і сёння звярае па ёй свой прафесійны шлях.
У дзясятым класе дзяўчына цвёрда ведала, што будзе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Паступіць у Віцебскі педінстытут (сёння дзяржуніверсітэт імя Машэрава) для Наталлі было не цяжка. І тут ёй таксама пашанцавала з педагогам, на курсе выкладаў апантаны мовазнаўца Анатоль Мікалаевіч Канапелька.
Студэнцкія гады праляцелі цікава і непрыкметна. І вось ужо маладая настаўніца вярнулася працаваць у свой раён. А праз тры гады разам з мужам пераехала ў Сянно, на яго радзіму. І ўжо чвэрць стагоддзя працуе ў сенненскай першай школе. «Крочу сваёй сцяжынкай. Менавіта сцяжынкай, а не дарогай. Бо пратоптваецца яна крок за крокам, не заўсёды лёгка і проста», — дзеліцца Наталля Іванаўна. І гэта зразумела, бо той, хто хоча стаць сапраўдным настаўнікам не ідзе пракладзенай іншымі дарогай, а шукае сваю.
Даць вучням веды па прадмеце, безумоўна, важна, але не менш важна і патрэбна для дзіцяці выхаваць у ім асобу, лічыць вопытны педагог. А таму трэба раскрыць душы і сэрцы дзяцей. У многім гэтаму дапамагае і літаратура. Наталля Іванаўна заўсёды імкнецца адшукаць, як гаворыць яна сама, нітку ўзаемаразумення з дзецьмі. І гэта няпраўда, ліча підагог, што сучасныя вучні ў нечым горшыя за папярэднія пакаленні сваіх равеснікаў. Яны проста іншыя, яны дзеці свайго часу, больш актыўныя, ініцыятыўныя, і не павінны, не могуць быць такімі ж як іх аднагодкі дваццаць ці сорак гадоў назад. Яны могуць быць моцныя ці слабыя ў вучобе, але як людзі — цудоўныя. І каб убачыць гэта, трэба падыходзіць да кожнага, як да асобы, глядзець на свет іх вачыма, паважаць і цаніць іх давер. «Бывае і такое, што настаўнік не правы. Тады трэба прызнаць сваю неправату, папрасіць прабачэння. Так і раблю заўсёды. І вучні, асабліва старшакласнікі, цэняць гэта. Нашы адносіны толькі ўмацоўваюцца, — упэўнена педагог. — Наогул, ад дзяцей зыходзіць добрая энергетыка, якая не дае ачарсцвець душой у наш няпросты час».
Праз свой прадмет Наталля Іванаўна стараецца выхаваць вучняў патрыётамі. Сцвярджае, што да роднай мовы дзеці адносяцца станоўча: «Бачаць, што размаўляю і вітаюся з імі па-беларуску, і адказваюць тым жа».
У грамадстве, хаця і робіцца нямала, трэба яшчэ больш пашыраць інтарэс да сваёй мовы, упэўнена Наталля Іванаўна. Тады грамадзяне ў большай ступені будуць адчуваць сябе беларусамі, адзіным народам самастойнай краіны. «Я заўсёды кажу сваім вучням: як ні складзецца ваш лёс, дзе вы ні будзеце жыць, нават, на якой мове гаварыць, заўсёды памятайце, што вы беларусы, што радзіма ваша — Беларусь, бо там вашы карані».
І няхай духоўнасць у наш вельмі практычны і матэрыяльны век адыходзіць на задні план, настаўнік, незалежна ад таго, які прадмет ён выкладае, павінен быць асобай духоўнай, лічыць Наталля Іванаўна. У вольны час перачытвае Шамякіна, яе любімага пісьменніка, іншых беларускіх і рускіх класікаў літаратуры. І кожны раз іх творы адкрываюцца па-новаму, прыходзіць больш шырокае разуменне аўтараў і жыцця. Настаўнік — вечны вучань. Гэты афарызм не дае спыніцца на дасягнутым, прымушае ісці наперад і весці за сабой…
Таццяна Буракова.