ХАЧУ ЖЫЦЬ НА РОДНАЙ ЗЯМЛІ

3+Калі твой субяседнік шчыры і адкрыты ў зносінах нават з незнаёмцам, калі ведае і любіць сваю прафесію — гэта заўсёды падкупае. Менавіта з такім чалавекам давялося пазнаёміцца ў час рабочай камандзіроўкі ў Янова.

У ААТ «Бяленева» нядаў-
на прыступіў да сваіх працоўных абавязкаў намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі Юрый Кржысінскі.
Сёлета хлопец скончыў Віцебскую дзяржаўную ветакадэмію і прыехаў у родную гаспадарку па накіраванні. Пра высокі ўзровень ведаў маладога спецыяліста сведчыць той факт, што у час вучобы за выдатную паспяховасць ён узнагароджаны граматай за подпісам рэктара вну.
Хоць на працы даводзіцца прападаць «зранку да змяркання», яна маладому чалавеку падабаецца. Да цяжкай вясковай штодзённасці Юра прывычны. З дзяцінства дапамагаў бацькам даглядаць хатнюю жывёлу. Зараз прысядзібная гаспадарка Кржысінскіх — адна з буйнейшых у раёне і налічвае больш 20 галоў буйной рагатай жывёлы.
Малады чалавек любіць сваю малую радзіму і прызнаецца, што, калі ўмовы працы будуць задавальняць, ён гатовы застацца тут назаўсёды.
У вольны ад прафесійных абавязкаў час ён наведвае спартыўную залу мясцовай школы, дзе гуляе з сябрамі ў валейбол і футбол.
Ад сябе хочацца дадаць, што з Юрыем адразу знайшлі агульную мову, бо ён вельмі выхаваны малады чалавек. Такім спецыялістам ААТ «Бяленева» можа толькі ганарыцца. А яшчэ, прызнаюся, дзякуючы свайму суразмоўцу ўвачавідкі ўбачыла нялёгкую, але такую патрэбную працу работнікаў аграрнай галіны, калі Юра павазіў карэспандэнта па палях на сваім рабочым, мо яшчэ з савецкага часу, «уазіку», пазнаёміў з даяркамі, якіх кожны дзень дастаўляе на дойку, з любімымі гадаванцамі.
Ірына ХАСАНАВА.
НА ЗДЫМКУ: Юрый Кржысінскі з нованароджаным цяляткам.