КАБ У МІРНЫМ СВЕЦЕ ЖЫЦЬ

IMG_0174+++У рамках Міжнароднага дня міру ў цэнтральным парку Сянно ля памятнага знака «Родны край» школьнікі горада запусцілі ў неба паветраныя шары з прымацаванымі да іх папяровымі жураўлікамі.
Такая акцыя прайшла адначасова па ўсёй вобласці і дала пачатак юбілейным мерапрыемствам, прысвечаным 55-годдзю Беларускага фонду міру.

У час мерапрыемства, што праходзіла ў форме ўрачыстай піянерскай лінейкі, да школьнікаў звярнулася старшыня Сенненскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Тамара Смірнова, якая расказала дзецям аб гісторыі заснавання Дня міру. Гэты дзень быў заснаваны па ініцыятыве Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных нацый у 1982 годзе з мэтай звярнуць увагу грамадскіх суполак на праблему насілля і вайны, заклікаць жыхароў планеты да міру і любові.
Дарэчы, сёлета ва ўсіх установах адукацыі раёна быў рэалізаваны міратворчы праект «Жураўлік», прысвечаны 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Асаблівасцю праекта з’яўляецца ўключэнне ў міратворчую дзейнасць школьнікаў і педагогаў.
Піянеры і акцябраты — удзельнікі ўрачыстай лінейкі — прачыталі вершы, прысвечаныя міру, мінутай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых на вайне.
Права запусціць паветраныя шары было прадастаўлена навучэнцам СШ №1 г.Сянно, неаднаразовым пераможцам творчых конкурсаў і прадметных алімпіяд Кацярыне Дунец і Глебу Сінічэнку, навучэнцам СШ №2 г.Сянно, актыўным удзельнікам школьных і гарадскіх мерапрыемстваў Івану Чарадніку і Яніне Юнчык, выхаванцам Сенненскай школы-інтэрната, актыўным удзельнікам масавых мерапрыемстваў піянерскай дружыны, прызёрам творчых конкурсаў Антону Сталярэнку і Валерыі Гагалінскай.
Пасля ўрачыстасці дзяцей запрасілі ў раённы цэнтр культуры і народнай творчасці на гульнявую праграму.
Таццяна Буракова.
На здымку: момант запуску паветраных шароў.
Фота аўтара.