ВЁСКА ЛЮДЗЬМІ СЛАЎНАЯ

2+++На мінулым тыдні прайшло свята вёскі Гарадзец.

Клопат пра жыхароў кожнай вёскі сельсавета — задача мясцовай улады. Таму старшыня Багданаўскага сельвыканкама Сяргей Пагарэльскі таксама прыняў удзел у сустрэчы і выступіў перад вяскоўцамі. Узяла слова і старэйшына вёскі Тамара Афанасьева.
На свяце ўшанавалі жыхароў Гарадца, якімі за іх самаадданую працу могуць ганарыцца землякі. Гэта працаўнікі ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс», механізатар Іван Кармазін, аператар машыннага даення Таццяна Задора, жывёлаводы Аліна Васілёнак і Тамара Латышава.
Ушанавалі на сустрэчы і ветэранаў сельгасвытворчасці, якія ўсё жыццё адпрацавалі ў былым калгасе імя Жданава, трактарыста Вячаслава Камеля, даярак Вольгу Саўген, Антаніну Канюшэўскую, Любоў Гарбачову, Таццяну Іванову, цялятніц Тамару Камлёву і Лідзію Афанасьеву.
Прагучаў расказ пра сям’ю ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і працы Вольгі Шарпіла. Віталі доўгажыхароў вёскі, якія перасягнулі 85-гадовы рубеж, Феафана Бараноўскага, Валянціна Гарбачова, Тамару Хадыка, Сямёна Крыштопенку, Сямёна Кармазіна.
Не абышлі ўвагай і сем’і, якія выхоўваюць дзяцей: Наталля Акімава гадуе дачушку Паліну. Мікалай і Ніна Саўген з’яўляюцца мнагадзетнай сям’ёй, у іх расце трое дзяцей.
Жыхары аддаленай вёсачкі засталіся задаволены святам, падрыхтавалі якое работнікі ўстаноў культуры аграгарадка Багданава. А вясёлы настрой на сустрэчы стваралі сваімі выступленнямі самадзейныя артысты з раённага цэнтра.
Наш кар.
На здымку: у час мерапрыемства.