СА СТУДЭНЦКІМ ЭНТУЗІЯЗМАМ

2+++Убіраць караняплоды земляробам ААТ «Бяленева» дапамагаюць першакурснікі Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

На момант нашага візіту група з дваццаці трох студэнтаў на чале з выкладчыкам была занята на ўборцы кармавых буракоў на плошчы ў 10 гектараў. Наперадзе ўборка бульбы. Сёлета сабраць ураджай другога хлеба належыць на 77 гектарах. Завяршыць усе работы плануецца да 2 кастрычніка.
Кіраўніцтва гаспадаркі пастаралася стварыць для сваіх памочнікаў камфортныя ўмовы пражывання.
— Студэнты размешчаны ў памяшканнях Яноўскай школы. Жылыя пакоі з першых дзён ацяпляюцца, падключана гарачая вада, — расказвае ідэолаг ААТ «Бяленева» Інна Пранько. — Арганізавана трохразовае харчаванне за кошт таварыства пры ўмове, што студэнты будуць выконваць норму і не будуць парушаць працоўную дысцыпліну. На палеткі студэнтаў штодня дастаўляе аўтобус.
Арганізацыяй вольнага часу для юнакоў і дзяўчат займаецца Яноўскі сельскі дом культуры. Культработнікі ладзяць дыскатэкі, конкурсныя праграмы.
Студэнты з энтузіязмам прыняліся за працу. Для іх гэта добрая магчымасць самастойна зарабіць грошы, а заадно прынесці карысць сельскай гаспадарцы нашага раёна.
Ірына ХАСАНАВА.
Фота аўтара.