ВАЖКІ КОНТРАРГУМЕНТ

OLYMPUS DIGITAL CAMERAХлебаробы ААТ «Ульянавічы» набліжаюцца да завяршэння ўборкі зерневых і зерне-бабовых культур. Таксама яны першымі ў раёне абмалацілі азімы рапс.

Высокім тэмпам работ на палетках сельгасарганізацыі садзейнічалі не толькі добрая арганізацыя працы. З самага пачатку жніва працуюць усе восем зернеўборачных камбайнаў. На іх рамонт было патрачана каля 80 млн рублёў. Галоўны інжынер гаспадаркі Сяргей Масюта, ад работы якога ў многім залежыць падрыхтоўка тэхнікі да жніва, у гэтыя дні таксама за штурвалам камбайна. На старэнькай «Лідзе» ён намалаціў больш за 500 т збожжа, што з’яўляецца лепшым паказчыкам сярод камбайнераў сельгасарганізацыі.
— Для зладжанай работы ў полі патрэбна што? Каб камбайны працавалі без паломак, ды адвозка збожжа была наладжана, — лічыць Сяргей Масюта.
OLYMPUS DIGITAL CAMERAПрастояў на хлебнай ніве ААТ «Ульянавічы» няма. Камбайны працуюць без паломак, недахоп аўтатранспатру кампенсаваны трактарамі. Скажам больш, Анатоль Камовіч, пастаянным месцам працы якога з’яўляецца Ульянавіцкая школа, зараз дэманструе высокапрадукцыйную працу на адвозцы зерня з поля на ток. На трактары «Беларус-3022» у агрэгаце з прычэпам ПСТБ-17 ён перавёз амаль 1000т збожжа.
— У прычэпе нарошчаны барты, таму ў час уборкі азімай пшаніцы ў яго загружалі па 20 т , — растлумачыў Уладзімір Мезаўцоў, галоўны аграном ААТ «Ульянавічы».
А яшчэ, на яго думку, важна, што для работы механізатараў створаны належныя ўмовы працы. Усе камбайны, трактары, занятыя ў гэты час на ўборачных работах, на падрыхтоўцы глебы пад сяўбу азімых культур, маюць кандыцыянеры. У кожнай кабіне ёсць ёмістасці. Як правіла, яны напоўнены мінералкай, лёгкагазіраванай пітной вадой. У абед, на падвячорак у меню механізатараў уключаецца ў неабходнай колькасці кампот, іншы раз — сок.
Журналісты раённай газеты наведаліся ў сельгасарганізацыю ў пачатку тыдня, калі пачалася ўборка яравых культур. Іх ураджайнасць, на жаль, меншая, чым азімых. Прычыны гэтага агульнавядомыя. Але Уладзімір Мезаўцоў запэўніў: » Усё, што вырашчана — убяром да канца тыдня. Праз тры-чатыры дні даспеюць зерне-бабовыя сумесі. Думаю, да дажджоў справімся і з імі.»
OLYMPUS DIGITAL CAMERAКожны сельскагаспадарчы год мае свае асаблівасці. Хлебаробы ААТ «Ульянавічы» заўжды гатовы супрацьпаставіць неспрыяльным умовам надвор’я важкія контраргументы.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
НА ЗДЫМКАХ:дастаўлены чарговыя 20 т збожжа; Сяргей Масюта на хлебнай ніве ў якасці камбайнера; у кабіне трактара Анатоль Камовіч.
Фота аўтара.