ДЫРЫЖОР СТРАКАТАГА АРКЕСТРА

2=Прыгажосць выратуе свет. Гэта ўсім вядомая фраза прыходзіць на памяць, калі глядзіш на прысядзібную тэрыторыю дома Зоі і Мікалая Мяцеліцаў, жыхароў вёскі Цыганкі Студзёнкаўскага сельсавета.

Завітаць сюды нам параілі ў сельвыканкаме. «У Цыганках шмат добраўпарадкаваных дамоў з прыгожымі падворкамі, — зазначыла кіраўнік спраў мясцовага органа ўлады Святлана Хамянкова. — А сядзіба Мяцеліцаў — адна з лепшых».
Гаспадыня «квітнеючага» падворку шмат расказала нам пра сваё захапленне і кветкі, у якіх патанае хата. Улюбёная ў іх Зоя Васільеўна з дзяцінства. «Праўда, тады не было такой разнастайнасці. Ля бацькоўскага дома раслі касачы, гладыёлусы, бальзамінкі. Дарэчы, «патомкі» апошніх ёсць і ў маім палісадніку», — гаворыць кветкаводка-аматарка.
Дваццаць гадоў таму, калі сям’я ўсялялася ў новы дом, тут не было ніводнай расліны, толькі поле навокал, успамінае жанчына. Пачынала свой кветнік з дзвюх клумбаў. З кожным годам яго плошча пашыралася. А цяпер Зоя Васільеўна нават і не ведае, колькі відаў кветкавых культур расце ў палісадніку. Ірысы, каны, хосты, флоксы, эхінацэя, рамонкі… Лілій аж трыццаць відаў, дваццаць руж! «Выйдзеш раніцай у двор, паглядзіш на кветкі, настрой адразу падымаецца. А калі з якой-небудзь раслінай штосьці не так, увесь дзень перажываеш», — дзеліцца жанчына.
Аднак догляд такога кветкавага царства патрабуе часу. І агароджу трэба паставіць, і прапалоць, і паліць, што асабліва складана цяпер, у спёку, і сачыць, каб не захварэлі кветкі, а некаторыя ўкрываць на зіму… А яшчэ ж і агарод ёсць, хатняя жывёла і птушка. Тут спраўляцца дапамагае муж, хаця часу ў вадзіцеля малакавоза ААТ «Сінягорскае» Мікалая Мяцеліцы не надта шмат. Не адмаўляюць у дапамозе і трое сыноў, якія жывуць ужо асобна, але часта наведваюць бацькоў. А ў кветнік Зоя Васільеўна, хаця і занятая цэлы дзень на рабоце ў мясцовым магазіне, нікога не пускае. Гэта справа толькі гаспадыні, лепш яе ніхто не зробіць, лічыць заўзятая аматарка кветак. «Няхай і папрацуеш, затое асалода якая, прыгажосць», — з захапленнем гаворыць жанчына.
Кветкі ля дома Мяцеліцаў цвітуць з ранняй вясны да глыбокай восені. Пачынаюць ні з чым не параўнальную музыку фарбаў крокусы, а апошнім акордам гучаць хрызантэмы, што зацвітаюць у кастрычніку. І Зоя Васільеўна, як дырыжор, кіруе гэтым цудоўным рознакаляровым аркестрам.
Таццяна Буракова.
На здымку: Зоя Мяцеліца ў сваім кветкавым царстве.