Традыцыйнае свята першакласнікаў прайшло ў Сенненскай дзіцячай школе мастацтваў

DSCN3113 З пачатку навучальнага года мінула зусім няшмат часу, але 35 хлопчыкаў і дзяўчынак ужо ўпэўнена трымаюць у сваіх маленькіх руках скрыпкі, баяны, гітары, домры і іншыя музычныя інструменты.

На імправізаваным цягніку дзеці адправіліся ў падарожжа па свеце музыкі, падчас якога іх чакалі прыпынкі на станцыях «Размінка», «Угадайка» і «Пагуляйка». Маленькія музыканты ўдзельнічалі ў віктарынах, адгадвалі загадкі і, канешне, дэманстравалі свае ўменні, набытыя за некалькі месяцаў навучання ў школе мастацтваў. Для іх гэта быў першы адказны выхад на сцэнічную пляцоўку. Кожны музычны нумар вылучаўся адметнай пастаноўкай, за што заслугоўваюць павагі не толькі маленькія таленты, але і іх выкладчыкі.

Павіншаваць першакласнікаў у гэты дзень прыйшлі не толькі іх бацькі і сябры, але і навучэнцы старэйшых класаў музычнай установы.

Ад пярвічнай арганізацыі ГА «Белая Русь» аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, школы мастацтваў дзеці атрымалі невялікія сувеніры і салодкія падарункі.

Ірына ХАСАНАВА