Музыка ў працы і для душы. Выкладчыкі сенненскіх музшкол спаборнічалі на сцэне.

Фестываль музычнай творчасці сярод настаўнікаў дзіцячых школ мастацтваў і музычных школ «І праца, і песня» прайшоў на днях у актавай зале Сенненскай ДШМ. Удзел у ім прынялі тры ўстановы: Багушэўская, Машканская музычныя школы і Сенненская дзіцячая школа мастацтваў. Яны прадставілі свае лепшыя інструментальныя ансамблі, вакальныя калектывы. Падтрымкай для выкладчыкаў сталі выступленні навучэнцаў.

 Адзін з членаў журы Л.Агарак выказалася: «Талент немагчыма ацаніць, яго трэба толькі цаніць!». І ўсё ж лепшых адзначылі дыпломамі. Сярод іх дырэктар Сенненскай ДШМ І.Смірноў, настаўнікі гэтай жа школы В.Гарнак, Г.Барадзіна, І.Корсакава, вакальныя і інструментальныя групы Багушэўскай і Сенненскай ДШМ і інш.  

 Своеасаблівае прафесійнае спаборніцтва сярод музыкантаў прэтэндуе на пастаянства. Прынамсі, сёлетні фестываль — другі па ліку. Праўда, на наступны год арганізатары — аддзел культуры райвыканкама — плануюць зрабіць з яго паўнацэнны конкурс.

Вольга Бандарэвіч