Пазычаная кватэра

ГС З 1 красавіка 2014 года набыў сілу Указ Прэзідэнта № 563 «Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін». Для яго рэалізацыі ўжо сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю па краіне 320 тыс. кв. м арэнднага жылля, у наступным — 600. Ёсць такое жыллё і ў Сенненскім раёне — 8 кватэр. Пры будаўніцтве новага шматкватэрнага дома ў райцэнтры ў 2015 годзе яго колькасць павя­лічыцца.

Мяркуецца, што арэнднае жыллё будзе будавацца не толькі за кошт бюджэтных сродкаў. Дзяржава прапануе  супрацоўніцтва прыватнаму бізнесу і абяцае пры гэтым шэраг ільгот.

 Хто

ў прэтэндэнтах

            Прэтэндаваць на здым­нае дзяржаўнае жыллё могуць усе, хто стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Аднак Указ вызначыў першачаргавікоў. Яны змогуць атрымаць камерцыйнае жыллё не залежна ад таго, стаяць на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоў ці не. Галоўная ўмова — адсутнасць жылля ва ўласнасці ці карыстанні ў тым населеным пункце, дзе яны жывуць. Згодна з законам першачарговае пра­ва на атрыманне арэнднага жылля маюць маладыя спецыялісты, работнікі, прызначаныя на пасаду ў іншы населены пункт, вучоныя, прафесарска-выкладчыцкі склад, работнікі культуры, суддзі, пракурорскія работнікі, ваеннаслужачыя. Для задавальнення іх патрэб у жыллі можа выкарыстоўвацца 40 % ад усяго фонда свабодных жылых памяшканняў. Астатняе жыллё камерцыйнага прызначэння альбо незапатрабаванае першачаргавікамі размяркоўваецца ў агульным парадку сярод асоб, што стаяць на ўліку як маючыя патрэбу ў паляпшэнні ўмоў жылля.

Службовае жыллё можа быць прадастаўлена на перыяд працоўных адносін альбо на тэрмін да пяці гадоў. Дагавор падпісваецца па ўзгадненні двух бакоў. Калі работнік працуе належным чынам, своечасова плаціць за жыллё, не парушае правілы карыстання ім дагавор працягваецца яшчэ на пяць гадоў альбо любы іншы час. Такім чынам кватэрай можна карыстацца безтэрмінова. Праўда, як толькі працоўныя адносіны ска­соў­ваюцца, былы супрацоўнік абавязаны вызваліць жылую плошчу.

Пазбавіцца службовага жылля можна і ў выпадку запазычанасці за камунальныя паслугі тэрмінам два і больш месяцаў. Абслугоўванне памяшканняў, касметычны рамонт — таксама клопат кватаранта. У адпаведнасці з дагаворам арэнды ён павінен здаць жыллё ў такім жа стане, як і атрымаў.

 У камерцыйнае

 жыллё — без чаргі

            Заява аб прадастаўленні жылля камерцыйнага выкарыстання прымаецца на падставе інфармацыі аб яго наяўнасці, што змя­шчаецца на афіцыйных сайтах мясцовых і распарадчых органаў па месцы знаходжання гэтых жылых памяшканняў. Інфармацыя павінна ўтрымліваць наступныя звесткі: аб месцы знаходжання, колькасным і якасным складзе гэтых жылых памяшканняў, характарыстыку, узровень добраўпарадкавання, памер платы, тэрмін звароту за прадастаўленнем гэтых жылых памяшканняў.

На атрыманне жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання чарга не фарміруецца. Таму заяву на яго можна падаваць толькі пасля размяшчэння інфармацыі аб яго наяўнасці. Сайт Сенненскага райвыканкама ў прыватнасці сведчыць, што на да­дзены момант маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў могуць выкарыстаць наступнае камерцыйнае жыллё ў райцэнтры: 2-пакаёвую добраўпарадкаваную кватэру плошчай 54,6 м кв. у доме № 3 па вул. Касманаўтаў і 3-пакаёвую такой жа якасці ў д. 23 па вул. Назаранкі, плошчай 69,8 кв. м. Праўда, прэтэндэнтам пры гэтым трэба мець на ўвазе, што, напрыклад, маладая сям’я з трох чалавек, якая здыме 3-пакаёвую кватэру, аўтаматычна страціць права знаходзіцца на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоў. А вось пры засяленні ў аднапакаёвую — такое права за ёй захаваецца.

Як налічваецца

плата

            Указам урэгуляваны парадак вызначэння платы за карыстанне жылымі памяшканнямі камерцыйнага выкарыстання. Колькі пла­ціць залежыць ад падстаў для карыстання такімі памяшканнямі. У прыватнасці, у адносінах да жылых памяшканняў камерцыйнага карыстання памер платы вызначаецца зыходзячы з памера базавай платы, што ўстаноўлена Саветам Міністраў. У даны момант яна складае 0,2 ад базавай велічыні. Пры гэтым прымяняецца каэфіцыент, які ўстанаўліваецца аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам у залежнасці ад ступені добраўпарадкавання і месцазнаходжання жылых памяшканняў. У адносінах  да жылых памяшканняў, што выкарыстоўваюцца зараз як камерцыйныя, а раней былі службовымі, спецыяльнымі, уваходзілі ў лік жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага памяшкання памер платы ўстанаўліваецца  з улікам паніжаючага каэфіцыента. Для Мінска яны складаюць 0,2, па рэспубліцы — 0,1. У выніку за арэнду двухпакаёвай кватэры ў Сянне, указаную вышэй, давядзецца заплаціць 327, 6 тыс. рублёў, аплаціць камунальныя паслугі.

Рынак арэнднага жыл­ля ў нашай краіне толькі пачаў фарміравацца. Але інтарэс да яго ў насельніцтва вялікі. Асабліва ў буйных гарадах, у людзей, якія не могуць атрымаць на будаўніцтва жылля дзяржаўную падтрымку, прэтэндаваць на сацыяльнае жыллё, купіць камерцыйнае. А значыць, рынак будзе пашырацца.

Аляксандр ІЎЕЎ.