«Цуд, створаны сваімі рукамі». Пад такой назвай у Сенненскім раённым краязнаўчым музеі адкрылася выстава творчых работ удзельнікаў ініцыятыўнай групы «Мы — разам» з вёскі Папоўка Нямойтаўскага сельсавета

14-10 053 Імпрэзу можна назваць своеасаблівым падарункам да юбілею. Сёлета аб’яднанне адзначае пяцігоддзе свайго існавання.

У 2009 годзе на базе Краснасельскага дома культуры пры падтрымцы Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і раённай улады быў створаны міні-праект, які аб’яднаў людзей пераважна сталага ўзросту. Сёння ў складзе групы ёсць і пенсіянеры, і працаздольныя асобы. Самай старэйшай удзельніцы — 85 гадоў, а самай маладой валанцёрцы няма і 20-ці. Яднае іх жаданне дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, і самарэалізоўвацца, у тым ліку і праз творчасць.

14-10 030      Амаль усе ўдзельнікі групы (а іх 16) валодаюць тым ці іншым рамяством. Нехта вяжа, хтосьці вышывае. На выставе можна ўбачыць вырабы ў самых розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Падчас прэзентацыі кіраўнік групы Ала Шмурадка прадставіла рукадзельніц: Валянціну Мішчанку, Клаўдзію Візнер, Любоў Цярэнцьеву. Майстрам на ўсе рукі называюць Міхаіла Панова. Мужчына ў праекце  ўжо чатыры гады. Па першым закліку ён дапамагае сталым аднавяскоўцам, інвалідам у добраўпарадкаванні, розных гаспадарчых справах. У ліку асабістых захапленняў Міхаіла Мікалаевіча — лозапляценне, пляценне з каляровага дроту, дрэваапрацоўка. А яшчэ мужчына піша вершы і з’яўляецца актыўным удзельнікам драматычнага гуртка.

14-10 046        Павіншаваць з адкрыццём выставы валанцёраў з Папоўкі прыйшлі іх калегі з ініцыятыўнай групы «Родник» (Сянно). Шмат цёплых пажаданняў у адрас майстроў прагучала ад прысутных на прэзентацыі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргея Мяцеліцы, старшыні Нямойтаўскага сельвыканкама Анатоля Бараноўскага.

Святочную атмасферу імпрэзе надалі песні ў выкананні ўдзельніц ініцыятыўных груп «Мы — разам» і «Родник» Эльвіры Конышавай і Святланы Аніковіч.

Выстава будзе працаваць да канца кастрычніка.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.