Украінскі гамбіт

ГС Кожны мой дзень пачынаецца і заканчваецца маніторынгам апошніх падзей ва Украіне. Упэўнена, падобны расклад дня ў большасці маіх землякоў. Беларусы сур’ёзна занепакоеныя тым, што адбываецца ў суседняй краіне, бо ў многіх там жывуць сваякі, у мяне ў тым ліку.

Да вокнаў не падыходзіць, на балкон не высоўвацца, у выпадку абстрэлу замкнуцца ў прыбіральні ці схавацца ў падвале — гэта інструкцыя выжывання для мірнага насельніцтва Горлаўкі. Палохаюць маю родную цётачку, якая жыве ў гэтым шахцёрскім гарадку Данецкай вобласці, і шматлікія чуткі пра снайпераў, танкі. Але на фоне ўсіх гэтых трагічных падзей у памяці ўсплывае адна прыемная сустрэча.

Масква… Казанскі вакзал… Гармідар людзей розных рэлігій, пераважна, мусульман. Прызнаюся, было нязвыкла бачыць хіджабы, цюбіцейкі, чалмы. І тым дзівосней у гэтай усходняй мітусні было сустрэцца з простай украінс­кай жанчынай пенсійных гадоў. Жыхарку Жытоміра, якая размясцілася па суседстве з намі, акружалі вялікіх памераў сумкі. Яе стомленасць сведчыла аб доўгіх гадзінах чакання, праведзеных у цвёрдым вакзальным крэсле. Агульная справа (а ў дадзеным выпадку марнаванне часу) збліжае незнаёмых лю­дзей. Вось і мы разгаварыліся. Даведаўшыся, што з Беларусі, наша суседка ажывілася. Аказалася, украінка едзе ў госці да дачкі ў Набярэжныя Чаўны. Горад гэты ёй не падабаецца — вялікі, завадскі, дымны. Але, кажа, па родным засумавала. Вось і гасцінцаў унукам вязе, а любімаму зяцю — шматок добрага ўкраінскага сальца. Размова ішла жаночая: аб дзецях, здароўі, серыялах… І разумелі адзін аднаго, хаця размаўлялі на блізкіх, але ўсе ж такі розных мовах. З вуснаў суразмоўцы лілася ўкраінская гаворка, не суржык (аналаг нашай «трасянкі»), а самая што ні на ёсць «рідна мова». І гучала яна так натуральна, што нам стала сорамна за сябе, за тое, што мы, беларусы, сваёй мовы цураемся. Выпраўляемся і пераходзім на тытульную.

Вось так за ўкраінска-беларускай гаворкай праляцеў імкліва час. Цёпла развітаўшыся, мы раз’е­халіся ў розныя напрамкі бясконцай Расіі. Наўрад ці ўбачымся яшчэ раз (хаця, зямля круглая).

Сёння, гледзячы і чытаючы супярэчлівыя навіны, што паступаюць з суседняй Украіны, я ўсё часцей узгадваю выпадковую спадарожніцу, сям’ю якой спрабуюць раздзяліць на «сваіх» і «чужых» усе гэтыя «майданы-антымайданы». Не магу я ўявіць, каб наша жытамірчанка назвала акупантамі рускага зяця і напаўрускіх унукаў. А тыя, у сваю чаргу, зганьбавалі б есці «бандэраўскі» боршч з галушкамі ад украінскай бабулі.

Мае рацыю тут вядомая народная мудрасць «Ваююць цары, а пакутуе народ». Мільёны людзей сталі заложнікамі палітыкаў. Між тым, у пераважнай большасці ўкраінцаў адно патрабаванне — жыць у міры і згодзе з суседзямі з Усходу і Захаду, з Поўдня і Поўначы.

На жаль, Украіна працягвае хаваць сваіх загінуўшых нізавошта дзяцей. У гэтай сітуацыі знайсці прымірэнне для грамадства будзе вельмі цяжка, але, веру, што магчыма. Бо рускіх, украінцаў, беларусаў звязвае не толькі агульная мяжа. Гістарычнымі і, галоўнае, роднаснымі сувязямі, бы каранямі, пераплецены нашы народы.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.