Богушевским пенсионерам поможет «Трамвайчик желаний»
У Сенненскім раёне налічваецца 327 населеных пунктаў, у якіх пражываюць 6168 непрацаздольных грамадзян. Насельніцтва 115 вёсак складае ад аднаго да дзесяці чалавек, 134-х — да 50 чалавек.
Не сакрэт, пажылыя людзі з аддаленых маланаселеных пунктаў нярэдка адчуваюць сябе адрэзанымі, ізаляванымі ад соцыуму.
Дапамагчы сталым вяскоўцам вырашылі супрацоўнікі аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту г.п.Багушэўск Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. І распрацавалі інавацыйны праект «Трамвайчык жаданняў», які прадугледжвае стварэнне мабільных брыгад для аказання ўсебаковай падтрымкі і дапамогі жыхарам аддаленых вёсак.
У брыгады ўваходзяць урач, цырульнік, сацработнік, псіхолаг, спецыялісты іншага профілю. Яны аказваюць медыцынскую, прававую і сацыяльную дапамогу, нават арганізуюць культурна-масавыя мерапрыемствы. Ужо вызначаны маршруты, складзены графік выездаў.
Нядаўна «Трамвайчык жаданняў» завітаў у в.Кічына, дзе пражываюць 12 чалавек. Старэйшына Валянціна Шпак сабрала ў сваёй хаце ўсіх аднавяскоўцаў. Галіна Секачова пазнаёміла прысутных з дзейнасцю ТЦСАН, расказала аб задачах аддзялення. Многія кічынцы ўпершыню пачулі пра існаванне ўстаноў, таму іх цікавілі віды дапамогі, як і дзе праходзяць заняткі з пажылымі людзьмі.
Валянціна Мяцеліца, інспектар аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму, распытала жыхароў пра праблемы, што хвалююць людзей. Выявілася, камусьці трэба дровы, хтосьці хацеў бы зрабіць кардыяграму сэрца і інш.
Псіхолаг Тамара Клыкоўская правяла групавы занятак «Пажылы ўзрост і яго асаблівасці».
З цікавасцю жыхары вёскі слухалі Ніну Кавалеўскую, наведвальніцу аддзялення. Яна горача гаварыла аб праблемах малых населеных пунктаў, адсутнасці сувязі пакаленняў па прычыне няведання сваіх каранёў.
У канцы сустрэчы з невялікім канцэртам перад вяскоўцамі выступіла фальклорная група Багушэўскага ДК «Макавея», у складзе Канстанціна Бандарэнкі, Ніны Казіміравай, Раісы Казловай, Аляксандра Шумарава, Паліны Пядачкінай. Яны спявалі, чыталі вершы. Байкі ўласнага сачынення прадэкламавала Раіса Александрова.
Галіна Секачова лічыць, сацыяльная дапамога, якую аказвае «Трамвайчык жаданняў», будзе запатрабавана ў іншых сельсаветах раёна.
Ала ЯКАЎЛЕВА.