Асабістым пракладам

10-12_1Сёлетні год для педагога-арганізатара Сенненскай школы-інтэрната Святланы Даукшас заканчваецца на высокай ноце. Вынікам яе плённай працы стала Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, якую на днях ёй уручыў дырэктар навучальнай установы Леанід Казлоў.

У школу-інтэрнат Святлана Даукшас прыйшла ў 2002-м. Спачатку працавала выхавальнікам. Сёлета споўнілася роўна 10 год яе дзейнасці на пасадзе педагога-арганізатара.
Яшчэ ў юнацтве яна вылучалася лідарскімі якасцямі. Узначальвала  піянерскую, а пасля і камсамольскую арганізацыі школы. Некалькі год з’яўлялася старшай піянерважатай Латыгальскай базавай школы.
Святлана Паўлаўна скончыла Віцебскі педагагічны інстытут імя Кірава (цяпер ВДУ імя Машэрава) па спецыяльнасці «Настаўнік пачатковых класаў». Але піянерскае мінулае і дагэтуль не адпускае яе. Яна ўпэўнена, дзіцячыя і юнацкія грамадскія аб’яднанні даюць магчымасць маладым людзям знайсці сябе, рэалізаваць свой патэнцыял. А гэта, як нікому, патрэбна выхаванцам інтэрнатнай установы.
Піянерская дружына школы-інтэрната «Вясёлка» лічыцца адной з лепшых не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Яна займае прызавыя месцы ў самых разнастайных конкурсах — творчых, спартыўных, інтэлектуальных. Падкрэсліваючы дасягненні дзіцячых грамадскіх арганізацый, сёлета ў рамках рэспубліканскай грамадзянска-патрыятычнай гульні «Дарогамі Перамогі» пяцёра акцябрат Сенненскай школы-інтэрната ў ліку 70 чалавек з усёй рэспублікі былі ўрачыста прыняты ў рады БРПА на плошчы Дзяржаўнага Сцяга ў Мінску.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.