Ружы з фантыкаў, сервізы з газет, сукенкі з пакетаў…

У Год беражлівасці тэма выкарыстання другаснай сыравіны для вучняў аб’яднанняў па інтарэсах «Прыгажосць сваімі рукамі» і «Млын моды» стала адной з галоўных.

Пры творчым падыходзе нават з непрыдатнага матэрыя­лу атрымліваюцца цудоўныя вырабы. Зробленыя з любоўю і выдумкай, яны ўпрыгожваюць дом, радуюць вока, выклікаюць захапленне і здзіўленне. Аджыўшы свой век матэрыял ператвараецца ў прыгожае і незвычайнае, не патрабуючы пры гэтым ніякіх фінансавых выдаткаў.

А яшчэ гэта работа, якая стала неад’емнай часткай школьнага праекта»Зробім наш дом больш чыстым», унесла значны ўклад у экалагічнае выхаванне вучняў. Дзеці разумеюць, што прырода — наш агульны дом, а мы — гаспадары ў ім. Ахоў­ваць прыроду, не забруджваць яе, не ператвараць лясныя квітнеючыя паляны пасля адпачынку ў звалкі смецця — гэта не проста словы закліку, якія апошні час гучаць усё часцей і часцей, гэта наш крок у дапамозе прыродзе, праяўленне асабістай адказнасці, разумення таго, што мы — частка прыроды.

Сёння неабходна з ранняга дзяцінства фарміраваць чалавека з новым узроўнем самасвядомасці, схільнага творча мысліць і дзейнічаць.

Калектыўная творчая справа пад дэвізам «Другасным рэсурсам — новае жыццё» ў нашай школе завяршылася незвычайнай выставай. У руках юных майстрых абгорткі ад цукерак ператварыліся ў серабрыстыя ружы, старыя капронавыя калготкі — у бялюткія рамонкі, газеты — у сталовыя сервізы, шкарлупа яек — у велікодныя сувеніры, пластыкавыя бутэлькі і скляначкі — ва ўпрыгажэнні для малых архі­тэктурных форм, цэлафанавыя пакеты — у цудоўныя сукенкі. Незвычайныя экспанаты выставы, што адрозніваліся прыгажосцю, прастатой, эканамічнасцю, выклікалі інтарэс і ў бацькоў, якія ў творчасці дзяцей убачылі важную справу.

Таццяна Каранеўская,

настаўнік абслугоўваючай працы Машканскай ДССШ.

На здымку: аўтарскія касцюмы з пакетаў вучаніцы 8 класа Таццяны Шалуха (у цэнтры) дэманструюць другакласніцы Аня Іванькова і Крысціна Кушнір.