Юных барцоў віталі старшыня райвыканкама і сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў

А таму турнір па грэка-рымскай барацьбе памяці П.М. Машэрава, які прайшоў у Сянне ў 15-ты раз, запомніцца яго ўдзельнікам не толькі перамогамі і паражэннямі. Адкрываючы спаборніцтвы, старшыня Сенненскага райвыканкама Віктар Цапота нагадаў, што Пётр Міронавіч быў не толькі палітычным дзеячам, кіраўніком дзяржавы. На радзіме яго памятаюць як настаўніка і спартсмена.

У год 95-годдзя з дня нараджэння знакамітага земляка, турнір яго памяці пастараліся зрабіць для юных атлетаў асабліва памятным. У спаборніцтвах прымалі ўдзел 134 выхаванцы 9 спартыўных школ, якія прадстаўлялі Мінск, Віцебск, Віцебскую і Гомельскую вобласці. Сярод ганаровых гасцей турні­ру быў Ігар Каныгін, заслужаны майстар спорту, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў, двухразовы чэмпіён свету, чатырохразовы чэмпі­ён Еўропы. Вельмі прадстаўнічай была судзейская калегія. Адзін з суддзяў, Ігар Брэль, напрыклад, судзіў на Алімпійскіх гульнях у Лондане.

Сенненшчына мае высокія дасягненні ў грэка-рымскай барацьбе. Два трэнеры Анатоль Кучынскі і Анатоль Рыбчанка, якія працуюць у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе алімпійскага рэзерву, выхавалі не аднаго майстра спорту. Максім Кажарскі ўваходзіць у склад Нацыянальнай зборнай каманды, неаднаразова станавіўся чэмпіёнам Беларусі. А сёлета, пасля пераходу ў іншую вагавую катэгорыю, заняў другое месца на чэмпіянаце краіны, пятае — на чэмпіянаце Еўропы. Пастаянна адбіраецца ў зборную каманду Беларусі Яўген Цуран. Двойчы чэмпіёнам краіны сярод кадэтаў быў яшчэ адзін выхаванец Сенненскай спартыўнай школы Мікалай Губарэвіч.

Сёлетні турнір праходзіў у фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Але ўжо ў наступным годзе спаборні­цтвы пройдуць у спецыялізаванай зале. Яна будзе здадзена ў эксплуатацыю да 1 верасня і пасадзейнічае далейшай папулярызацыі грэка-рымскай барацьбе.

Зрэшты, сенненскія атлеты на турніры зноў парадавалі землякоў. Усе, хто быў заяўлены на спаборніцтвы, выступілі ўдала. Аркадзь Ляшко, Уладзімір Шарановіч, Захар Лапеха і Юрый Лагуноў перамаглі ў сваіх вагавых катэгорыях. Аляксандр Гарбачоў і Максім Лабецкі, Дзмітрый Чыжэўскі, Алег Шумкоў, Дзяніс Малаткоў сталі трэцімі.

Фінансавыя затраты на арганізацыю турніру ўзяў на сябе не толькі прымаючы бок. Сродкі на харчаванне спартсменаў, набыццё прызоў выдаткаваў Віцебскі спартыўны клуб прафсаюзаў «Асілак».

Наш кар.

НА ЗДЫМКАХ: на цырымоніі адкрыцця турніру выступае старшыня райвыканкама Віктар Цапота; адзін з фінальных паядынкаў.