Экалагічна працуем, экалагічна адпачываем

Парк 40-годдзя Перамогі па праве лічыцца самым экалагічным кутком адпачынку ў нашым горадзе. Не дзіва, што асноўныя масавыя мерапрыемствы першага экалагічнага фестывалю «Моладзь за захаванне роднага краю» прайшлі на маляўнічых сінайскіх абшарах са стромкімі  і смалістымі   хвоямі.

Пакуль госці свята адпачывалі на ўлонні прыроды, радуючыся цёпламу майскаму сонейку, падрастаючае пакаленне рупліва арудавала граблямі. Вучні чатырох школ — абедзвюх Багушэўскіх, Яноўскай і Какоўчынскай — добраўпарадкоўвалі тэрыторыю — зграбалі леташнюю траву, збіралі смецце. Прычэп трактара  запоўніўся хутка.

Многія ў гэты дзень аддавалі перавагу актыўнаму адпачынку. Людна было на спартыўных пляцоўках, дзетвара з задавальненнем ганяла ў футбол, на веласіпедах і роліках асвойвала лесапаркавую трасу.

Забаўляльную зарадку ўсім гледачам прапанавалі зрабіць артысты народнага лялечнага тэатра «Пятрушка». Разам з імі на сцэну выйшлі дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак. А героі лялечнага спектакля «Прырода — гэта мы» Малпачка і Удаў расказалі прысутным шмат цікавага пра жывёльны і раслінны свет, а таксама аб неабходнасці беражлівых адносін да прыроды.

Затым сцэна была перададзена калектывам мастацкай самадзейнасці раёна і маладым талентам Сенненшчыны. Для ўсіх гасцей свята падарункам сталі выступленні вядомага віцебскага выканаўцы і даўняга сябра Сенненшчыны, выкладчыка Віцебскай вет­акадэміі Глеба Лапіцкага і лепшых студэнцкіх калектываў навучальнай установы.

На верхняй пляцоўцы свае выставы кніжных навінак на прыродную тэматыку і вырабаў з натуральных матэрыялаў прадставілі цэнтральная раённая бібліятэка, Дом рамёстваў. Сапраўдны майстар-клас па «хэнд мэй» прадэманстравалі наведвальнікі дзённага аддзялення для інвалідаў Сенненскага ТЦСАН.

Тым часам на сцэне высвятлялася галоўная інтрыга фестывалю. Намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна і прарэктар па выхаваўчай рабоце Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Віталь Веліканаў адзначылі аўтараў лепшых экапраектаў і самых актыўных удзельнікаў фестывалю. У ліку апошніх студэнты навучальнай установы — члены валанцёрскага атрада «Разам» і каманды з 17 устаноў адукацыі раёна. Пераможцы першага раённага экалагічнага фестывалю «Моладзь за захаванне роднага краю» атрымалі ад арганізатараў дыпломы і каштоўныя падарункі. Лепшых адзначылі ў кожным конкурсе.

Лідарамі ж форуму сталі наступныя каманды: «Эколагі» з Нямойтаўскай ДССШ (3-яе месца), «Надзея» са  Сту­дзёнкаўскай ДССШ (2-ое месца). Гістарычную перамогу ў першым экалагічным фестывалі святкавалі навучэнцы СШ №1 г.Сянно імя З.Азгура з каманды «Ніка». Ад імя ўсіх удзельнікаў форуму яны звярнуліся да землякоў са зваротам берагчы прыроду малой ра­дзімы і ў сваю чаргу па­абяцалі рабіць усё для яе захавання. У пацвярджэнне сваіх слоў школьнікі запусцілі ў блакітнае неба зялёны паветраны шар.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота аўтара.