Дыспетчар — гэта веды і цярпенне

Калі ў кватэры раптам гасне  святло, мы хапаемся за тэлефонную трубку, каб паведаміць у адпаведную службу пра сваю бяду. На другім канцы проваду чуем: «Сенненскі РЭС. Дыспетчар Ціхан слухае». Спакойны, добразычлівы голас адразу праганяе збянтэжанасць і нервовасць. А галоўнае, праблема вырашаецца хутка і жыццё ўваходзіць у сваю звыклую каляіну.

Інакш і быць не можа, таму што за дыспетчарскім пультам працуе спецыяліст з вышэйшай адукацыяй (сёлета скончыў БНТУ па спецыяльнасці «электраэнергетычныя сістэмы і сеткі) і амаль 10-гадовым стажам работы ў арганізацыі Алег Ціхан.

Але службовыя абавязкі дыспетчара (які, дарэчы, працуе па 12 гадзін) заключаюцца не толькі ў выкананні заявак насельніцтва. Дыспетчар адказвае за бесперабойнае забеспячэнне электраэнергіяй усіх спажыўцоў. Ён накіроўвае на ліквідацыю пашкоджанняў ліній рамонтныя брыгады, кіруе іх работай. Кантроль за планавымі работамі таксама ўваходзіць у яго абавязкі.

Каб хутка арыентавацца ў абстаноўцы і прымаць беспамылковыя рашэнні, неабходна дакладнае веданне абсталявання электрычных сетак. Вось чаму адным з сучасных патрабаванняў да працуючага на пасадзе дыспетчара з’яўляецца вышэйшая адукацыя.

А яшчэ дыспетчар павінен быць вельмі цярплівым і ўважлівым. Асабліва гэтыя якасці неабходны ў час, калі стыхія (моцныя ветры і снегапады) псуе лініі электраперадач. Тады званкі ў дыспетчарскую «сыплюцца» адзін за адным. Але работнікі раённых электрасетак працуюць бездакорна. Пашкоджанні ліквідуюцца хутка і якасна. Нямалая заслуга ў гэтым дыспетчара Алега Аляксандравіча Ціхана.

Таццяна Буракова.

На здымку: дыспетчар Сенненскага РЭС Алег Ціхан.