12 жніўня — Дзень будаўніка. УП “Сяннобудмеліяводгас” перажывае “эфект Фенікса”

Будаўнічая арганізацыя УП «Сяннобудмеліяводгас» за перыяд свайго існавання не раз перажывала  неспрыяльныя часы і цяжкасці. Негатыўна адбіўся на становішчы прадпрыемства і апошні эканамічны крызіс. Але будаўнікі не апусцілі рукі. Робяць усё магчымае, каб з годнасцю выйсці са складанага становішча, захаваць працаздольнасць калектыву, забяспечыць эфектыўнасць работы.

 У няпросты  перыяд арганізацыю ўзначаліў Васіль Кошалеў, які да гэтага працаваў галоўным інжынерам. Васіль Уладзіміравіч удзячны работнікам, якія не здрадзілі арганізацыі,  не паехалі на заробкі ў замежжа, засталіся і працуюць на яе карысць. Дзякуючы агульным намаганням, справы пайшлі на лад.

 Пра гэта сведчаць і лічбы вытворчых паказчыкаў. За першае паўгоддзе бягучага года аб’ём падрадных работ выкананы больш як на 2 млрд рублёў (выкананне плана склала 119%). З пачатку года сярэднямесячная заработная плата ў сярднім па арганізацыі налічвае 2,014 млн рублёў. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года рост склаў 139%. Вытворчасць працы — 26,1% (рост — 1243%).

 Арганізацыя аказвае платныя паслугі насельніцтву (транспарт, сталярныя вырабы, рамонт дахаў). Выручка ад гэтай дзейнасці сёлета склала больш за 346 млн рублёў.

 Сёння будаўнікі будмеліяводгаса працуюць на розных аб’ектах раёна. Вядзецца будаўніцтва трох індывідуальных жылых дамоў. Брыгады прадпрыемства займаюцца мантажом арачных збудаванняў на малочна-таварных фермах. У вёсках Ульянавічы і Савінічы арачнікі ўжо зроблены. У Белай Ліпе работы працягваюцца. У планах — устаноўка яшчэ каля дзесяці такіх канструкцый. Выконваецца заказ ДЛГУ «Багушэўскі лясгас» на ўзвядзенне доміка паляўнічага ў раёне возера Кічына. Мадэрнізуецца адміністрацыйны будынак Сенненскага лясніцтва. Вядзецца бягучы рамонт фермы ў в.Канева.

 Паспяхова і ў тэрмін завершана будаўніцтва фундамента пад зернесушыльны комплекс у в.Студзёнка. Усведамляючы важнасць  своечасовай здачы аб’екта першаступеннай важнасці ў час уборачнай кампаніі, будаўнікі Аляксандр Парылаў, Сяргей Шабалін, Міхаіл Фрыдман і Аляксандр Астрашаб земляныя работы выканалі ўручную, бо экскаватар быў тэрмінова задзейнічаны ў іншым месцы.

 Старанна і з адказнасцю працуюць і іншыя работнікі прадпрыемства. Напрыклад, брыгада Пятра Камандышкі, каб скончыць рамонт даху фермы ў в.Оўсішча ў запланаваны тэрмін, у гэтыя дні працуе без выхадных.

 Працягваецца і добраўпарадкаванне вытворчай базы і тэрыторыі вакол адміністрацыйнага будынка. Плануецца набыць абсталяванне для трэнажорнай залы.

 Адным словам, жыццё наладжваецца, нягледзячы на тое, што прадпрыемства яшчэ адчувае недахоп кадраў рабочых спецыяльнасцей. Выхад з гэтай сітуацыі знайшлі ў абучэнні новых работнікаў спецыяльнасцям муляра, зваршчыка, цесляра, аддзелачніка і іншым прама на рабочых месцах. Настаўнікаў, якія перадаюць свае веды і ўменні пачынаючым, стараюцца заахвоціць матэрыяльна.

 Дарэчы, некаторыя са спецыялістаў вярнуліся ў арганізацыю. Іншыя яшчэ вагаюцца, чакаюць, што будзе далей.

 А калектыў прадпрыемства, тым часам, сустракае прафесійнае свята, кіраўніцтва адзначае лепшых. У першую чаргу, гэта тыя работнікі, партрэты якіх змешчаны на Дошцы гонару УП «Сяннобудмеліяводгас»: інжынер па ахове працы Анатоль Гардзецкі, старшы майстар Віктар Дзядун, інжынер планава-эканамічнага сектара (ПЭС) Ірына Зелянцова, брыгадзір цесляроў Пётр Камандышка, цясляр Аляксандр Кіслякоў, брыгадзір муляраў Сяргей Латышаў, цясляр Сяргей Любашоў, вадзіцелі Віктар Бянцяй і Леанід Русін, маляр-тынкоўшчык Ірына Валадзько. Большасць з іх шмат гадоў аддалі будаўнічай справе.

 Слоў удзячнасці за сваю работу, як адзначае кіраўніцтва арганізацыі, заслугоўваюць і маладыя работнікі. Па размеркаванні першы год працуе ў калектыве Вячаслаў Мішук. Праходзіў у час вучобы вытворчую практыку на прадпрыемстве, а цяпер працуе тут пасля заканчэння навучальнай установы Мікалай Бацянкоў. Адпрацаваўшы два гады па размеркаванні, засталася ў арганізацыі інжынер ПЭС Ганна Падалінская.

 Важкі ўклад у развіццё будаўнічай справы ў раёне ўнеслі ветэраны прадпрыемства П.Т.Юнчык, Л.С.Сідунова, Т.Я. Кузьмініч, Н.А. Макаўцова, Л.І.Хурко, А.К.Сандрыгайла, В.І.Прышчэпава, Н.І.Ладыжына, П.С.Зязюлін. Усіх іх і іншых ветэранаў-будаўнікоў добрым словам успомняць на калектыўным сходзе, прысвечаным прафесійнаму святу.

 На ўрачыстасць будуць запрошаны педагогі і навучэнцы Цэнтра дзяцей і моладзі — падшэфнай арганізацыі, якой будаўнікі аказалі істотную дапамогу ў падрыхтоўцы памяшкання да новага навучальнага года. Дзіцячая ўстанова аддзячыць шэфам канцэртам мастацкай самадзейнасці, які стане падарункам да прафесійнага свята.

 Таццяна Буракова.  

 

Усе матэрыялы нумара чытайце ў “ГС” №63 за 11 жніўня 2012 года