Начальнік ІДН Сенненскага РАУС Юрый Пракапенка: «Падлеткавы алкагалізм сур’ёзней, чым дарослы, бо дзіця хутчэй дэградуе як асоба.”

Агульнавядомы факт, што празмернае ўжыванне слабаалкагольных і моцнаградусных напіткаў пастаянна расце. І адбываецца гэта за кошт жанчын і непаўналетніх. Своечасова выявіць, дапамагчы — асноўныя мэты, якія стаяць перад сацыяльнымі службамі.

Чаму п’юць падлеткі?

 Галоўнай прычынай з’яўляецца недастатковы кантроль з боку бацькоў, адзначае Юрый Пракапенка, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Сенненскага РАУС. У ненадзейных сем’ях бацькі заняты пошукам выпіўкі, у сацыяльна актыўных дзеці адыходзяць на другі план у выніку занятасці дарослых працай, заробкам грошай.

  Але бывае, што бацькі самі наліваюць падлеткам алкаголь падчас святкавання дня нараджэння, альбо з іншай нагоды, тым самым ламаючы лёс дзіцяці.

 Піва і гарэлка — асноўныя напіткі, з дапамогай якіх падлеткі, як ім здаецца, вырашаюць праблемы, спрабуюць самазасцвердзіцца сярод сваіх сяброў,  падняць настрой. Спакуса выпіць з’яўляецца і ў 15-16-ці гадовых, якія ад’ехалі ад бацькоўскага дому вучыцца.

 Сённяшняй моладзі складана сказаць «не». Кіно, тэлебачанне, яркія рэкламныя ролікі, якія прапагандуюць спіртное, вельмі моцна ўздзейнічаюць на дзіцячую псіхіку. «Падлеткавы алкагалізм сур’ёзней, чым дарослы, бо дзіця хутчэй дэградуе як асоба. У яго развіваюцца складаныя захворванні, — адзначае Юрый Валер’евіч. — Парушаецца работа мозга, пячонкі, кровазвароту, затармажваецца памяць, губляецца інтэлект».

 За распіццё алкагольных напіткаў падлетка, які дасягнуў 16-ці гадовага ўзросту, у абавязковым парадку ставяць на ўлік як да нарколага, так і ў ІПН. На сённяшні дзень у раёне такіх непаўналетніх  17.

 Калі затрыманаму не споўнілася 16-ці, то адказнасць кладзецца на плечы бацькоў, якіх прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці па арт.9.4 ч.1 КаАП, што прадугледжвае штраф у памеры да 10 базавых велічынь, за паўторнае — ад 10 да 20. 

 Сёлета чатыры падлеткі былі адпраўлены на абследаванне і лячэнне ў Віцебскую абласную псіха-неўралагічную клінічную бальніцу.

 Першыя кантралёры — бацькі

 Па словах Юрыя Валер’евіча, выпівае падлетак, як правіла, не адзін, а ў кампаніі. А для кампаніі знайсці спіртное — не праблема. Практыка паказвае, абавязкова сярод непаўналетніх ёсць «добразычлівы» дарослы, які з радасцю згадзіц­ца не толькі купіць, але і застацца, як кажуць, на банкет. Толькі вось «банкетаванне» для яго можа абярнуцца штрафам, а па сённяшніх мерках ён будзе складаць немаленькую суму. Арт.17.4 КаАП за ўцягванне непаўналетняга ў антыграмадскія паводзіны шляхам набыцця для яго алкагольных, слабаалкагольных напіткаў альбо піва, прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь.

 Для параўнання — за 6 месяцаў 2011 года па даным артыкуле складзены 12 пратаколаў, сёлета ўжо разгледжана 27.

 Каб весці больш эфектыўна барацьбу з алкагалізацыяй моладзі, супрацоўнікі міліцыі штодзённа праводзяць рэйды па праверцы законнасці продажу спіртнога ў гандлёвых кропках. На асобым кантролі знаходзяцца асобы, якія схільныя да распіцця алкаголю з падлеткамі.

 Так быў выяўлены прытон. На сяброў-сабутэльнікаў склалі 22 пратаколы за спайванне непаўналетніх. Колькі ў кампаніі маладых людзей, якія не дасягнулі 18 гадоў, столькі на кожнага дарослага адпісваецца і пратаколаў.

 Дарэчы, за сістэматычнае распіццё алкаголю з дзецьмі прадугледжана і крымінальная адказнасць — арышт на тэрмін да шасці месяцаў або пазбаўленне волі да трох гадоў. У нашым раёне пакуль не было зафіксавана ніводнага такога факту.

 Зараз продаж спіртнога ажыццяўляецца асобам, якія дасягнулі 18 гадоў. Урадам краіны разглядаецца пытанне аб павелічэнні ўзросту, які дазваляе маладому чалавеку купляць алкагольныя напіткі. Але ці зможа гэта вырашыць праблему? Станоўчым чынам паўплываць на сітуацыю можна актыўнай сумеснай працай сацыяльных, праваахоўных органаў, зацікаўленасцю саміх бацькоў.

Ала ЯКАЎЛЕВА.