За праўду паплаціўся партбілетам

Першы дзень вайны Вячаслаў Злотка памятае бы ўчарашнія падзеі. 22 чэрвеня 1941 года а палове дзевятай  раніцы павесткай яму было загадана з’явіцца ў Асвейскі раённы ваенны камісарыят. Праз паўгадзіны ўжо быў на прыпісным пункце. Маладых людзей пастроілі і павялі на стадыён, дзе былі арганізаваны спаборніцтвы па бегу, скачках у вышыню і даўжыню, кіданні гранаты. Затым адбыўся футбольны матч паміж зборнымі камандамі гараджан і прызыўнікоў. Каля 12 гадзін сталі збірацца людзі, якія і прынеслі чорную вестку аб вайне.

Было Вячаславу ў гэты час няпоўных васямнаццаць.  Нягледзячы на свой малады ўзрост, паспеў закончыць сярэднюю школу, працаваў у рэдакцыі асвейскай раённай газеты. Мог стаць журналістам, бо быў залі­чаны ў камуністычны інстытут журналістыкі ў Мінску. Але падаў заяву ў Серпухаўскае ваеннае авіяцыйнае вучылі­шча.

Планы парушыла вайна: ваенком сказаў, што Радзіма больш вострую патрэбу мае ў артылерыстах і мінамётчыках, і ў Лепеле ёсць вучылішча, дзе рыхтуюць афіцэраў для гэтага роду войскаў. Вячаслаў адстойваў сваю юнацкую мару, а яго сябры, якія таксама мроілі аб небе,  Паў­лік Чэрнік, Лёша Парфенёнак, Анатоль Бахмай  сталі курсантамі гэтага вучылі­шча. Калі фронт наблі­зіўся да Лепеля, вучылішча эвакуіравалі за Волгу.

Вячаслаў у жніўні 1942 года пайшоў у партызаны. Закончыў імпрывізаваныя курсы, набыўшы навыкі снайпера-паляўнічага. Мог выходзіць на вольнае палявання, дзе «дзічынай» былі акупанты і паліцаі. Але неўзабаве, улічыўшы яго сярэднюю адукацыю і вопыт работы ў рэдакцыі, юнака прызначылі палітруком спачатку разведкі атрада імя Фрунзе, а затым і брыгаднай разведкі.

Баявых  аперацый на рахунку асвейскіх пар­тызан было нямала. Дзейнічалі нават на тэрыторыі Латвіі. Некаторыя аперацыі праводзіліся сумесна з дубнякоўцамі, а партызанскі псеўданім Дубняк меў ніхто іншы, як Пётр Міронавіч Машэраў, які камандаваў атрадам імя Шчорса ў брыгадзе імя Ракасоўскага. Напрыклад, сумесна ўзрывалі мост праз раку Дрыса: разбілі ахову, да сярэдняй апоры падагналі плыты з узрыўчаткай. На два тыдні мост вывелі са строю.

Неяк партызаны вызвалілі 85 нашых ваеннапалонных з нямецкага лагера ля вёскі Чарняўская. Яны з радасцю ўліліся ў рады лясных змагароў. Вызвалілі і 16 дзяўчат з-пад Ленінграда, якіх немцы прывезлі сюды будаваць дарогі, а таксама штаб батальёна Чырвонай Арміі, адрэзаны ад сваіх варожымі танкамі. Былі і  іншыя аперацыі, якія Вячаславу Антонавічу ва ўзросце 89 гадоў складана прыгадваць.

Улетку 1944 года партызанскія разведчыкі каля Дрысы злучыліся з чырвонаармейскай вайсковай часцю. І з ёю дайшлі да Даўгаўпілса.

У сярэдзіне жніўня  Вячаслаў Злотка стаў цывільным чалавекам. Нейкі час працаваў адказным сакратаром асвейскай раённай газеты «Ленінскі шлях», а 1 студзеня 1945 года быў мабілізаваны ў армію. Трапіў у запасны полк, дзе рыхтавалі аўтаматчыкаў для танкавага дэсанта, адтуль — у танкавую роту.

У арміі праслужыў да 9  мая 1947 года. Потым крыху працаваў старшынёй камітэта фізкультуры ў Асвейскім райвыканкаме. У 1948 годзе быў абраны сакратаром, праз месяц — першым сакратаром Асвейскага райкама камсамола, а затым дэлегатам  ХVI з’езда ЛКСМБ, на якім на яго звярнуў увагу Пётр Машэраў, тагачасны першы сакратар ЦК камсамола рэспублікі. Ён дапамог Вячаславу тады справіць касцюм, бо малады чалавек насіў вайскавое абмундзіраванне, у якім вярнуўся з арміі.

Была яшчэ сустрэча на пачатку 1953 года.  Пётр Міронавіч прапанаваў Злотку працаваць адказным арганізатарам ЦК ЛКСМБ у Полацкай і Маладзечанскай абласцях. Але не суджана было збыцца такому павароту ў лёсе Вячаслава Антонавіча. Памёр  Ста­лін, і палітычныя вятры падулі ў іншы бок. Праз некаторы час Злотку выклікалі ў Полацкі абкам пар­тыі і прапанавалі пасаду загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Дзісненскага райкама. Але быў накіраваны на жончыну радзіму — у Сенненскі раён.

Вячаслаў Антонавіч лаканічна і даволі паслядоўна вядзе гутарку, прыгадвае факты, падзеі. Ведаючы, што г.Сянно рыхтуецца  святкаваць  юбілей, спрабую павярнуць размову ў іншае рэчышча і прашу расказаць аб уражаннях, якія выклікаў у яго тагачасны горад.

Вячаслаў Антонавіч на хвіліну задумваецца і працягвае:

— Па вуліцы Свабоды (цяпер імя Машэрава) ля дома Грынявіцкіх было балота, качкі плавалі. Тое ж самае было па вуліцы Савецкай (ля дома Мурашкі), па вуліцы Мічурына (ля дома Астроўскага).

Ды што пра вуліцы казаць, цяперашняя цэнтральная плошча горада была выбрукавана каменнем, а вясной і восенню пучыніла ключамі. Калі я рабіў загадчыкам аддзела камунальнай гаспадаркі, 30 тысяч метраў кубічных гліны вывезлі з плошчы, знялі верхні пласт на глыбіню больш метра, потым забуцілі жвірам, пяском і паклалі асфальт.

Цяпер сенненцам горад падабаецца, хаця іншагароднія сцвярджаюць, што Сянно не мае выгляду горада: адкуль не заязджай, вёска-вёскай, толькі вялікая. Бяда ў тым, што  на Сенненшчыне ніколі не было сапраўднага архітэктара. Землеўпарадчыкі былі, а архітэктара — не было. Ды і з боку абласных уладаў неяк мала ўдзяляецца нашаму гораду ўвагі. Я разумею, бюджэт раёна датацыйны. Але інакш быць і не можа, калі абласныя монстры «падмінаюць пад сябе» нашу прамысловасць: Віцебскі лікёра-гарэлачны завод прыбраў да сваіх рук Багушэўскі спірт­завод, Аршанскі малочны камбінат — завод сухога абястлушчанага малака.

Што тычыцца забудовы, то чаму будуем толькі ў раёне былога аэрадрома, а не ўзводзім  шматпавярхоўкі па вуліцах Машэрава,  Карла Маркса, Кастрычніцкай? Хаця ж я не архітэктар …

Пазней Вячаслаў Антонавіч, працаваў інструктарам, загадчыкам арганізацыйнага аддзела Сенненскага райкама КПБ і сакратаром райкама на зоне Сенненскай МТС. Некалькі гадоў узначальваў калгас імя Калініна, цэнтральная сядзіба якога знаходзілася ў вёсцы Пустынкі. Гаспадарка дасталася Злотку адстаючай. Тым не менш, па выніках работы за 1960 год  калгас выйшаў у лідары. А пар­т­рэт  стар­­­шыні быў занесены ў раённую Кнігу гонару.

Здавалася б, усе добра, расце чалавек і наперадзе ў яго безвоблачнае будучае. Але ў 1961 годзе Вячаслава Злотку выключаюць з партыі «За грубае парушэнне норм партыйных паводзін і савецкіх законаў… » —  так было сфармулявана ў рашэнні бюро. Няўжо так рэзка змяніўся чалавек?

Канешне ж, не. Проста далі сябе адчуць асабістыя амбіцыі тагачаснага першага сакратара Сенненскага райкама партыі А.Ф. Клімава. Ён, выступаючы на адным з пленумаў райкама, пачаў агулам абвінавачваць кіраўнікоў гаспадарак у хабарніцтве, у раскраданні народнай уласнасці. Усе зацята маўчалі, хаваючы вочы, бо баяліся слова сказаць супраць першага сакратара, ведаючы яго самадурства. А Злотка не вытрымаў:

— Называйце прозвішчы, Аркадзь Фролавіч, хто з нас злодзей?

Ніхто не чакаў такога павароту справы. Аслупянела змоўк і Клімаў, потым раз’юшана выгукнуў:

— У тым ліку і ты!

І тады Вячаслаў Злотка ўзняўся і прывёў далёка не высокамаральныя факты, у тым ліку сказаў і аб тым, што ўласная карова Клімава ўтрымліваецца ў статку аднаго з калгасаў, дзе яе даглядаюць за калгасны кошт.

А хутка  знайшлі надуманную прычыну, каб пазбавіць Злотку партбілета. Нягле­дзячы на тое, што Клі­маў меў брата, які займаў высокую пасаду ў партыйных органах, Злотка не спалохаўся. Не з такіх людзей быў палітрук партызанскай разведкі, каб лёгка здавацца.

Звярнуўся ў ЦК, і там разабраліся. Вярнуў яму Клімаў партбілет уласнаручна, хаця «ўкусіць» не прамінуў, настаяў на строгай вымове. Але гэта была ўжо дробязь.

На заслужаны адпачынак  Вячаслаў Антонавіч пайшоў з пасады начальніка Сенненскага спецыялізаванага цэха звадкаванага газу. Сядзець склаўшы рукі Злотка не змог. Даволі працяглы час  займаўся грамадскай работай у якасці старшыні Сенненскага раённага савета ветэранаў вайны і працы. І толькі,  калі сталі падводзіць зрок і слых, супакоіўся.

Як ваяваў і працаваў Вячаслаў Антонавіч Злотка, сведчаць і ўзнагароды, у тым ліку ордэны Айчыннай вайны I і II ступеняў, Чырвонай зоркі, медаль «Пар­тызану Айчыннай вайны» I ступені і яшчэ 18 медалёў і дзесяткі грамат, сярод якіх Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР, Віцебскага абкама КПБ і аблвыканкама.

Міхаіл БЯЛОЎ.

НА ЗДЫМКУ: В.А. Злотка з унукам Вячаславам.