“Раёнка” запрашае ў віртуальную экскурсію па старажытных вуліцах Сянна

Вуліца Ветраная (цяпер Кастрычніцкая), 1907 год:

Цэнтральным фасадам на яе выходзіў Мікалаеўскі сабор (1867-1934). У 1961-м на месцы рэлігійнай установы пабудавалі другую сярэднюю школу.

Галынка (вуліца Мічурына), 30-ыя гады мінулага стагоддзя:

Сянно пачынаючы з 17 стагоддзя было пераважна яўрэйскім мястэчкам. Галоўную вуліцу — Мінскую ці Тракцірную — займалі шматлікія яўрэйскія лаўкі. Ды і сёння на той частцы Кастрычніцкай, што ідзе ад цэнтральнай плошчы да рэстарана, размяшчаюцца гандлёвыя рады. А на месцы сённяшняй «Більярднай» некалі ўзвышалася сінагога. Галынка была асноўным раёнам, дзе сяліліся яўрэйскія сем’і. Уздоўж доўгай вуліцы тулілася шмат хатак, хлеўчукоў. Замест тратуараў — драўляныя насцілы.

Вуліца Бешанковіцкая (цяпер Пралетарская), вясна 1962 года:

Невядомы мужчына (магчыма, каму-небудзь з чытачоў ён знаёмы, будзем удзячны, калі вы паведаміце пра гэта нам) пазіруе на фоне напаўразбуранага  касцёла Святой Тройцы. Праз некалькі месяцаў, у 1962-ім, велічная пабудова будзе узарвана. А вось маладыя дрэўцы, якія растуць за спінай мужчыны, стануць скверам, што і сёння пралягае ўздоўж вуліцы.

Адміністрацыйная плошча, 1961 год:

З уваходам Беларусі ў склад Расійскай імперыі ў многіх беларускіх гарадах і мястэчках распачалася маштабная перапланіроўка. Першыя праекты былі распрацаваны і зацверджаны ў 1778 годзе і датычыліся яны Віцебска, Оршы, Гарадка, Дрысы (Верхнядзвінск) і Сянна. Асаблівая ўвага надавалася рэканструкцыі гарадскіх цэнтраў. Яны станавіліся больш шырокімі, прасторнымі. Галоўнае месца ў забудове надавалася адміністрацыйнаму будынку.

Для Сенненскіх павятовых улад у 1830-1832 быў узведзены такі двухпавярховы будынак. Пабудаваны ён па ўзорным праектце ў стылі класіцызму, які на той час меў пашырэнне. Пасля рэвалюцыі яго займалі раённыя савецкія ўлады. У час Вялікай Айчыннай вайны збудаванне было часткова разбурана. Аднак у 1947-1948 адноўлена і належыла райкаму КП(б)Б (да 1960 г.) і райвыканкам. У 1974 разабрана, дзеля таго, каб у 1975-м на гэтым месцы ўзвялі сённяшні будынак сучаснага райвыканкама.

Дарэчы, акаляючыя пло­шчу двухпавярховыя дамы, пабудаваныя ў пачатку 1960-х, былі першымі цаглянымі жылымі будынкамі ў Сянне