У госці да сенненскай дзетвары завіталі героі казак

  Убраная, прыгожая зала раённага дома культуры сустракала сенненскіх хлопчыкаў і дзяўчынак на свяце «Няхай жыве дзяцінства!».  Да пачатку мерапрыемства госці маглі наведаць выстаўку дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзяцей, знаёміла  з якой дырэктар дома рамёстваў Інна Стычынская.

 Вядучыя, настаўнікі Беліцкай школы Аляксандр Калымага і Студзёнкаўскай Таццяна Манкевіч, віталі дзятву, якая  цікаўнымі вачамі сачыла за дзействам, з нецярплівасцю чакала сюрпрызаў, падрыхтаваных дарослымі.

 А на сцэне раптам з’явіліся Кот Базіліа і Ліса Аліса. І пачалося сапраўднае прадстаўленне. Ролі казачных персанажаў удала выконвалі выхавальніца дзіцячана сада №2 г.Сянно Святлана Круцько і супрацоўніца цэнтра карэкцыйна-развіваючага абучэння і рэабі­літацыі Наталля Астроў­ская. Разам з вядучымі, яны праводзілі з маленькімі гледачамі гульні і конкурсы,  «падарожнічалі» ў краіну дзяцінства на паветраных шарыках і вясёлым паравозіку…

 На прыпынку «Магазін цацак» увазе «пасажыраў» была прадастаўлена дэманстрацыя дзіцячага адзення, якое сканструявалі  і вырабілі вучні Студзёнкаўскай школы. Прадэманстравалі свае мадэлі і выхаванцы Сенненскай школы-інтэрната. Ства­раючы сваю калекцыю, юныя майстрыхі выка­рыс­тоў­валі тэхнікі аплікацый саломкай і бяростай, вышыўкі, саломапляцення. Тут знайшлося дастойнае месца і мадэлям шэрага, халоднага колеру і яркім, цёплым фарбам вясны і лета. Ажурныя ўзоры з аб’ёмнай пражы, фрагменты з футра, лён, які дае прахалоду ў спякотны дзень, атлас… Прыгожыя рэчы радавалі душу і сэрца. Калекцыі «Вясёлка», «Мадэрн», «Я + я» і іншыя падарылі шмат пазітыўнай энергіі, яшчэ больш паднялі настрой у зале.

 Музычнымі нумарамі ў гэты дзень хлопчыкаў і дзяўчынак радавалі групы «Вакаліна» і «Фіеста» цэнтра дзяцей і моладзі, выхаванка школы-інтэрната Ніна Міхайлоўская, вакальны дуэт у складзе вучаніц СШ №2 г.Сянно Юліі Аўсіевіч і Кацярыны Афанасьевай і іншыя.

 …На памяць пра свята дзеці атрымалі рознакаляровыя паветраныя шарыкі. А Ліса Аліса і Кот Базіліа ў рэшце рэшт зразумелі, што сапраўднае золата — гэта нашы дзеці, будучыня і надзея краіны.

 Таццяна Буракова.