Выпускнікі Сенненскай школы-інтэрната разам з атэстатам аб сярэдняй адукацыі атрымалі пасведчанні аб прафесіі

У раёне прайшлі выпускныя вечары. Сёлета атэстат аб сярэдняй адукацыі атрымалі 242 навучэнцы сенненскіх школ.

  Для 14 выпускнікоў адзінаццатага класа Сенненскай школы-інтэрната апошні званок значыць не проста развітанне з бесклапотным школьным дзяцінствам. Для маладых людзей — гэта старт у жыццё, дзе побач не будзе мудрых і клапатлівых дарадцаў-настаўнікаў і выхавацеляў, якія замянілі ім бацькоў. Магчыма таму, выпускнікі асабліва хвалявалі­ся.

 Між тым, у школе пастаралі­ся падрыхтаваць хлопцаў і дзяўчат да самастойнага жыцця. Разам з атэстатам аб сярэдняй адукацыі Леанід Казлоў, дырэктар навучальнай установы, і Ала Саржыцкая, намеснік дырэктара па вучэбнай частцы, уручалі выпускнікам пасведчанні швач­кі, механізатара, сталяра, агародніка. Акрамя таго, кожны атрымаў у падарунак ад школы маляўнічы выпускны фотаальбом і неабходныя ў самастойным жыцці рэчы.

  Шмат цёплых, шчырых слоў віншаванняў і падтрымкі сказалі віноўнікам урачыстасці госці свята: намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна, начальнік раённага аддзела адукацыі Людміла Аніськовіч, намеснік дырэктара ДРБУ-146 (шэфскай арганізацыі)Іван Кекіш. Да іх далучыліся валанцёры, якія на той момант рупіліся ў школе. Маладыя людзі са Злучаных Штатаў Амерыкі і студэнты (члены ГА «БРСМ») Віцебскай ветэрынарнай акадэміі сталі для выпускнікоў прыкладам сучаснай моладзі — актыўнай, працавітай, адукаванай.

  Слова «ад бацькоў» мелі італьянскія сем’і, якія прыехалі падтрымаць сваіх «прыёмных» беларускіх дзетак. На жаль, толькі адзін выпускнік мог «пахваліцца» наяўнасцю родных. Былы ін­тэр­натавец Ігар Юпатаў, гледзячы на брата-выпускніка Паўла, напэўна, успамінаў свой выпускны баль. Цяпер хлопец — пяцікурснік Віцебскага дзяржуніверсітэта, будучы гісторык і добрая падмога для Юпатава-малодшага.

 Галоўнае ж пажаданне прагучала ад выхавацеляў Мікалая Зарубіцкага і Іры­ны Івашка. Школьныя «ма­ма» і «тата» пажадалі, каб будучыя дзеці выпускнікоў інтэрната не паўтарылі лёс бацькоў.

 Сваё апошняе школьнае лета выпускнікі правядуць на Сенненшчыне. А потым іх чакаюць вышэйшыя і сярэднія  спецыяльныя навучальныя ўстановы, працоўныя будні. Некаторыя папоўняць рады будаўнічых арганізацый і нашага райцэнтра.

Вольга БАНДАРЭВІЧ