10 САМЫХ ЗНАКАМІТЫХ СЕННЕНЦАЎ

Аляксандр Бараноўскі, студэнт гістарычнага факультэта ВДУ імя Машэрава.

2012 год — асаблівы для сенненцаў. Сёлета спаўняецца 570 гадоў з моманту першага пісьмовага ўпамінання Сянно. У сувязі з гэтым з’явілася жаданне падрыхтаваць некалькі артыкулаў на гістарычную тэматыку. Ну а пачаць я вырашыў з прадстаўлення 10 найбольш вядомых людзей Сенненшчыны. Іх імёны ведаюць  не толькі за межамі  раёна, але  і рэспублікі. Дзяржаўныя дзеячы, паэты, творцы…

  Чалавек, расказ пра якога пачынае наш цыкл артыкулаў, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага і падпольнага руху на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы,  першы сакратар ЦК КПБ, фактычна, кіраўнік Беларусі — Пётр Міронавіч Машэраў.

  Нарадзіўся ён  13(26) лютага 1918 года ў весцы Шыркі. У 1939 годзе скончыў Віцебскі педагагічны інстытут імя Кірава. З 1939 па 1941 год выкладаў  фізіку і матэматыку ў Расонскай сярэдняй школе.

  У Вялікую Айчыйнную вайну, у жніўні 1941года, стварыў і ўзначаліў расонскае патрыятычнае падполле. З красавіка 1942 года — камандзір партызанскага атрада імя М.А.Шчорса, які дзейнічаў у Расонскім, Дрысенскім, Асвейскім раёнах БССР, а таксама ў суседніх раёнах РСФСР і Латвійскай ССР.  З 1943 года — камісар партызанскай брыгады імя К.К. Ракасоўскага Віцебскай вобласці.

  З верасня 1943 года — першы сакратар Вілейскага падпольнага абкама ЛКСМБ, з ліпеня 1944 — першы сакратар Маладзечанскага абкама ЛКСМБ. У тым жа 1944 годзе, за мужнасць і адвагу, праяўленую ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Пятру Міронавічу было прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза. На камсамольска-маладзёжнай ніве ён працаваў яшчэ 10 гадоў.

  У жніўні 1955 года Петр Машэраў стаў  першым сакратаром Брэсцкага абкама КПБ. З сакавіка 1965 года —  першы сакратар ЦК КПБ. Званне Героя Сацыялістычнай Працы яму прысвоена 10 лютага 1978 года.

  4 кастрычніка 1980 года Пётр Міронавіч трагічна загінуў   у дарожна-транспартным здарэнні на Маскоўскай шашы непадалёку ад Мінска. Тая катастрофа і да сённяшняга дня для многіх застаецца загадкай. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

  У Віцебску ўстаноўлены помнік Машэраву. Яго імя  прысвоена Віцебскаму дзяржаўнаму універсітэту. Імем героя названы праспект у Мінску, вуліцы  ў Сянно, Глыбокім, Маладзечне, Лідзе і іншых населеных пунктах Беларусі.

  Да ліпеня 1943-га імя гэтага ўраджэнца вёсцы Машканы было вядома толькі яго блізкім сябрам і знаёмым.

  На Курскай дузе ў ліпені-жніўні 1943 года ішлі ўпартыя баі ў паветры і на зямлі. Тут здзейсніў свой подзвіг старшы лейтэнант Аляксандр Канстанцінавіч Гаравец. Вяртаючыся з баявога задання, у раёне Белгарада, ён заўважыў групу фашысцкіх самалётаў, якая складалася з 20 бамбардзіроўшчыкаў. Лётчык  уступіў у бой. У выніку, 9 збітых варожых самалётаў каштавалі Гараўцу жыцця.  Слава пра бясстрашнага лётчыка ў той жа дзень абляцела ўсе франты. Знішчыць столькі самалётаў у адным баі  не ўдавалася нікому.

  Аляксандр Гаравец нарадзіўся 12 сакавіка 1915 года ў весцы Машканы, тут хадзіў у школу. У чырвонай арміі — з 1932 года. У 1935 годзе скончыў Ульянаўскую лётную школу. Працаваў інструктарам лётнай часці ў аэра­клубе горада Шахты Растоўскай вобласці.

   На франтах Вялікай Айчыннай вайны — з чэрвеня 1942 года. Ваяваў на Паўночна-Каўказскім, Варонежскіх франтах, быў  намеснікам камандзіра эскадрыллі 88-га гвардзейскага знішчальнага авіяпалка. Лётаў на ЛАГ-3, потым асвоіў Ла-5. Зрабіў 74 баявыя вылеты, знішчыў 11 варожых самалётаў, 40 аўтамашын , 24 павозкі.

  Званне  Героя Савецкага Саюза Аляксандру Канстанцінавічу Гараўцу прысвоена пасмяротна. Ён  лічыўся прапаўшым без вестак, пакуль у 1957 годзе жыхары вескі Зорынскія Двары Белгародскай вобласці не знайшлі  самалет з астанкамі лётчыка. Герой быў з ушанаваннямі пахаваны ў гэтай весцы.

  Яго імя  прысвоена Віцебскаму аэраклубу, саўгасу ў Сенненскім раёне, школе ў Машканах. Імя героя носяць вуліцы  ў Мінску, Віцебску, Сянно, Багушэўску. У 1981 годзе на ўшанаванне памяці Аляксандра  Гараўца каля школы, у якой ён вучыўся, устаноўлены бюст. Бюст стаіць і ў вёсцы Ског, ля адміністрацыйнага будынка сельгасарганізацыі, якая носіць імя Гараўца. Помнік герою таксама  пастаўлены ў Віцебску.

Працяг будзе.