Прыпынак на 100 тысяч. За парушэнне правілаў прыпынку, стаянкі транспартных сродкаў з пачатку года ў Сянно аштрафаваны 14 чалавек

Машына на газоне — рыхтуйся заплаціць

Сітуацыя з паркоўкай транспарту ў межах горада пакідае жадаць лепшага. А з прыходам цяпла яна яшчэ больш абвастрылася. У выхадныя і святочныя дні вуліцы Сянно  літаральна перапоўнены машынамі, якія ўладальнікі пакідаюць, дзе душа пажадае.

 Чым выклікана паркоўка ў неналежных месцах? Недахопам месцаў для стаянкі ці  адсутнасцю культуры ў некаторых аўтаўладальнікаў? Пасля рэйду па выяўленні машын, прыпаркаваных на зялёнай зоне, у якім давялося ўдзельнічаць, пераканалася ў тым, што праблема двухбаковая. Прэтэнзіі трэба прад’яўляць як ЖКГ, так і аўтааматарам.

 У ходзе рэйду, што правялі супрацоўнікі АДАІ Сенненскага РАУС сумесна з супрацоўнікамі  раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у межах горада было выяўлена 5 парушальнікаў. Двое з іх прыцягнуты да адміністацыйнай адказнасці па арт. 18.22 КаАП Рэспублікі Беларусь «Парушэнне правілаў прыпынку і стаянкі транспартнага сродку, а таксама іншых правілаў дарожнага руху». За што прадугледжаны штраф у памеры адной базавай велічыні з абавязковай адзнакай у талоне. У адносінах трох машын праводзіцца праверка па ўстанаўленні іх уладальнікаў.

 Калі хтосьці з лёгкасцю можа развітацца са ста  тысячамі рублёў, то для іншых, мяркую, паркоўка ў неналежных месцах запомніцца надоўга. Дарэчы, паўторнае парушэнне на працягу года прадугледжвае пакаранне ў дзве базавыя велічыні. Для вадзіцеляў грузавых машын памер штрафу большы: першы раз — пяць базавых велічынь, паўторнае парушэнне — 10.

 Рэйд у чарговы раз паказаў, наколькі людзі абыякава  адносяцца да прыроды, выстаўляючы на першы план асабістую выгаду. Сустракаліся парушальнікі, якія пакідалі машыны на газонах пад вокнамі свайго ж дому, ці паміж невысокіх дэкаратыўных насаджэнняў у жылым сектары, альбо «хавалі» любімы аўтамабіль у цень пад дрэва, нягледзячы на тое, што ў пяці метрах знаходзілася стаянка. Рэйд праводзіўся не ў час пік, не ў выхадны дзень,  а ў будні.

Дзе шукаць новыя стаянкі?

 У «маладых» раёнах горада шматпавярховыя дамы абсталяваны прасторнымі стаянкамі. А вось у дварах, забудова якіх вялася ў 60-80-х гадах, сітуацыя крыху іншая. Тады для людзей машына была раскошай. Таму архітэктары не бачылі неабходнасці праектаваць вялікія стаянкі.

 У цэнтры горада ёсць такія двары, дзе з цягам часу аўтамабілісты коламі свайго транспарту «вытапталі» сабе месца-стаянку. І атрымліваецца, што, быццам бы, машыну тут ставіць нельга, аднак, прыгледзеўшыся, газонам гэтае месца ўжо не назавеш. «У такіх сітуацыях, з боку ЖКГ было б апраўдана абсталяваць такія пляцоўкі пад стаянкі,— лічыць  Валерый Макарэвіч, галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. — Абазначыць бардзюрам і падвезці падсыпку — самае неабходнае на першы час, бо тут не патрэбна распрацоўка праекта і шэраг узгадненняў з пэўнымі службамі.

 Вадзіцелі скажуць «дзякуй!»

Напрыканцы: рэйды па выяўленні парковак у неналежных месцах працягнуцца. Будуць правярацца тэрыторыі горада, а таксама прыазёрныя зоны.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.