Свяшчэнныя воды возера Сенненскага

Больш за 100 чалавек акунулася ў іардані Сенненскага возера ў Хры­шчэнскую ноч.

 Такое масавае купанне ў райцэнтры прайшло ўпершыню. Ініцыятарам і арганізатарам яго выступіла Свята-Мікалаеўская царква. 

  Адразу пасля вячэрняга богаслужэння ў гонар свята Хрышчэння Божага вернікі на чале з благачынным Сенненскай акругі, айцом Мікалаем (Валачковічам), здзейснілі хрэсны ход па вуліцах горада да цэнтральнай купальні. Ужо там святар правёў вялікае асвячэнне вады.

 Колькасць тых, хто прыйшоў у гэтую святую ноч да возера, ледзь змяшчалася на беразе. Некаторыя, каб убачыць дзейства, выходзілі на лёд. Праўда, ненадоўга. Пра бяспеку людзей падчас мерапрыемства арганізатары сур’ёзна патурбаваліся. Палонка ў форме крыжа (іардань) была абсталявана драўлянымі насціламі, сходамі. За парадкам на лёдзе сачылі прадстаўнікі Таварыства выратавання на водах. На беразе стаялі машыны РАНС, РАУС, «хуткай дапамогі». Дзякуй Богу, дапамога нікому не спатрэбілася.

  Ужо пасля асвячэння людзі пачалі падыходзіць да іардані. Загартаваныя акуналіся з галавой. Менш смелыя амывалі святой вадой твар і рукі. Але і тыя, хто не рызыкнуў і застаўся на беразе (усё ж медыкі не раяць людзям непадрыхтаваным лезці ў ледзяную ваду), таксама адчулі ўсю ласку божую. Марозная зорная ноч, пранікнёныя словы малітваў, песнапенні і адчуванне ўсеагульнага дачынення да вялікай таямніцы паспрыялі таму.             

 Людзі і машыны яшчэ доўга кіраваліся ў адным напрамку — да іардані. Такая масавасць сведчыць пра тое, што традыцыі хры­шчэнскага купання на Сенненшчыне жыць.

 Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фото предоставлены сайтом pravoslav-senno.ucoz.ru