ПА МІНУЛАГОДНІХ РАСЦЭНКАХ

1+++Самыя высокія тэмпы ўборкі кукурузы сёлета дэманструюць корманарыхтоўшчыкі ААТ «Ульянавічы». У сельгасарганізацыі скошана і закладзена ў сіласныя траншэі зялёная маса з больш чым паловы плошчаў, занятых асноўнай кармавой культурай, што дазволіла пераўзысці мінулагоднія запасы кармоў.

Чаго не скажаш пра стан спраў у ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс». Чаму так адбываецца мы паспрабавалі высветліць непасрэдна ў полі.
У той дзень уборка кукурузы вялася непадалёку ад Беліцы. Яшчэ на пад’ездзе да поля заўважаем трактар, які застыў на ўскрайку. Андрэй Латышаў не хавае: «Пад загрузку — чарга.»
Як высветлілася, працоўны дзень пачыналі два кормаўборачныя камбайны. Ды адзін з іх хутка быў вымушаны адправіцца ў рамонтныя майстэрні. Астатнія тры камбайны зусім у нарыхтоўцы кармоў з кукурузы не ўдзельнічаюць.
— Транспарт марудна загружаецца яшчэ і таму, што сёлета ўраджайнасць кукурузы даволі нізкая, — тлумачыць механізатар Уладзімір Белікаў. Ён працуе на КСК-800. — А калі яшчэ і поле невялікае, пад пагрузкай тэхніка знаходзіцца па 15-20 хвілін.
У ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» кукурузай занята 745 гектараў. На момант наведвання сельгасарганізацыі было ўбрана каля трэцяй часткі плошчы. А механізатары нават не ведалі нормы выпрацоўкі, расцэнак па аплаце працы.
— Не, размова наконт аплаты вялася. Маўляў, можа па мінуламу году будзем плаціць. Толькі вось сёлетнюю і леташнюю ўраджайнасць не параўнаць. А галоўнае, ніякага дакумента па аплаце працы мы не бачылі, — сцвярджаў Уладзімір Белікаў.
Між тым, як паведаміў рэдакцыі Мікалай Зеляня, намеснік дырэктара ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» па эканоміцы, да нядаўняга часу такая аплата сапраўды прымянялася ў сельгасарганізацыі. З 15 верасня расцэнкі і на адвозцы, і на здрабненні павялічаны ў параўнанні з мінулым годам. Механізатары з загадам былі азнаёмлены 17 верасня.
Такая вось аператыўнасць, якая безумоўна не лепшым чынам адбіваецца на настроі людзей, на прадукцыйнасці іх працы. Чаму гэты факт ігнаруецца наглядальным саветам акцыянернага таварыства, незразумела.
Наш кар.
НА ЗДЫМКУ: Уладзімір Белікаў і Андрэй Латышаў — настрой рабочы.