Её любви хватило на четверых

Сельская праца аднастайная і цяжкая. Але, калі да яе адносіцца з лю­боўю, тады яна будзе прыносіць вялікае задавальненне, упэўнена Галіна Верамеенка, жыхарка вёскі Казлоўка. Больш за 20 год жанчына трымае гаспадарку, а яна ў яе немаленькая: карова, бык, свінні, куры, трусы, нават авечкі. Летам Галіна Уладзіміраўна плануе завесці яшчэ і гусей. На пытанне, навошта столькі, жанчына толькі здзіўлена акругліла вочы: «Як навошта? Сям’я ў мяне вялікая».

 Клопату па гаспадарцы хапае, калі ўлічваць і той факт, што Галіна Уладзіміраўна яшчэ працуе на Сенненскім льнозаводзе аператарам сушыльнага абсталявання. «Адна, магчыма, столькі б не даглядала,  — расказвае гаспадыня, — добра, што дзеці заўсёды дапамагаюць».

 Адзін час Галіна Уладзіміраўна з дзеткамі жыла ў кватэры ў вёсцы Папоўка, за складанасць не лічыла схадзіць у хлеў і накарміць жывёлу. Але аднойчы жанчына вырашыла памяняць утульную кватэру на просценькую сялянскую хату. І ўжо каля дзесяці гадоў жыве з дзецьмі ў доміку бацькоў мужа. Распрацавалі зямлю, пабудавалі лазню, гараж, адным словам, абжыліся. І сёння перабірацца ў горад жанчына не збіраецца. «Да горада і дайсці можна, калі што спатрэбіцца. Тут недалёка, усяго паўтара кіламетра», — жартуе яна.

 Так склалася жыццё, што Галіне Уладзіміраўне адной давялося ставіць дзетак на ногі. Муж памёр зусім маладым, пакінуўшы яе з чатырма малышамі. Аднак, нягледзечы на ўсе цяжкасці, жанчына змагла знайсці ў сабе сілы жыць далей дзеля дзяцей. Рабіла ўсё магчымае, каб выхаваць іх належным чынам. Сёння старэйшая дачка Света працуе вышывальшчыцай на адной з фабрык у Мінску. Люба рупіцца на Віцебскім абутковым прадпрыемстве «Марка». Малодшы сын Максім яшчэ вучыцца ў сельскагаспадарчым вучылішчы. Сын Юра побач з маці, працуе ў г.Сянно. Два гады назад Галіна стала бабуляй. На свет з’явілася ўнучка Крысціна, якая сёння частая і любая госцейка ў яе доме.

 Дзеці разумеюць, як складана часам  даводзіцца іх матулі, таму літаральна на кожныя выхадныя і святочныя дні спяшаюцца да яе.

 У штодзённай працы і клопаце аб блізкіх Галіна Уладзімі­раўна знаходзіць час і на сваю любімую справу — вязанне. Такіх аматараў вязання яшчэ пашукаць трэба. Любую рэч любым узорам звяжа ў найкарацейшыя тэрміны. Знаёмыя нават раяць ёй пачаць грошы зарабляць на гэтым. Але ж справа тут зусім не ў грашах, гаворыць жанчына, у яе ў самой сям’я вялікая і жадаючых мець цёплую рэч ручной вязкі шмат. Дарэчы, добра вяжуць і яе дачушкі, аднак світар, звязаны маці, будуць насіць з большым задавальненнем, чым той, над якім ім самім давялося папрацаваць. І гэта зразумела, бо яна ў вязку ўкладзе ўсю сваю матчыну любоў і пяшчоту.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.

 НА ЗДЫМКУ: Галіна Верамеенка.