Лебединое счастье. Сенненцы всем миром спасали красивую птицу

У пачатку студзеня жыхары аграгарадка Багданава заўважылі на беразе Рубаўскага возера лебедзя-шыпуна. Птушка тупала па лё­дзе і ніяк не магла ўзляцець. Гэта насцярожыла вяскоўцаў і яны адпра­віліся на «паляванне». 

 Барыс Гарнак разам з сябрамі злавілі  лебедзя. Калі птушка была ў руках, стала зразумела, што без дапамогі ветэрынарнага ўрача тут не абысціся — з крыла сачылася кроў.

 Ноч  яна правяла на падворку маладой сям’і Рэгіны і Барыса Гарнак.

— Гэта ўжо другая птушка, якой мы дапамагаем. Гады два таму лебедзь трапіў у рыбалоўную сетку на Багданаўскім возеры. Мы таксама ўдзельнічалі ў выратавальнай аперацыі, — усміхаецца Барыс і расказвае, як лавіў сёлетняга «героя».  

 Раніцай па лебедзя прыехаў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Якубовіч. Ён жа звярнуўся за дапамогай да дырэктара Сенненскай школы-інтэрната Леаніда Казлова, які пагадзіўся даць прытулак параненаму.

 У хуткім часе птушку агле­дзеў ветэрынарны ўрач і вынес вердыкт: «Рана неглыбокая. Жыць будзе, але прыйдзецца трошкі палячыцца».

 Шэфства над лебедзем узялі выхаванцы і работнікі дзяржаўнай выканаўчай установы Мікіта Еўпак і Алесь Снітко,  Мікалай Стрыжнёў і  Ларыса Свяцінская. 

 Праз дзесяць дзён рана зацягнулася. Параіўшыся са спецыялістамі, абдумаўшы ўсе варыянты, вырашылі вярнуць птушку ў звыклае для яе прыроднае асяроддзе. Пакідаць у хляве да вясны не адважыліся. Прывыкне лебедзь да чалавека, цяжка яму будзе потым. Людзі розныя сустракаюцца, могуць і  шкоду гэтаму прыгажуну прычыніць.

  Паколькі мясцовыя вадаёмы скаваны лёдам, шэфам прыйшла ідэя адвезці свайго выхаванца на Лукомскае возера, якое ніколі не замярзае, бо выкарыстоўваецца як ахаладжальнік для мясцовай  электрастанцыі.

  На ім у апошнія гады зімуюць не толькі лебедзі, а таксама   дзікія качкі. І ў гэтым, па словах Аляксандра Якубовіча, нічога дзіўнага няма. «Навошта птушкам ляцець за тысячы кіламетраў на зімоўку, калі ёсць побач вадаём, на якім можна перасядзець самыя лютыя маразы», — патлумачыў спецыяліст.

 Вось і наш герой аповеду пасяліўся на Лукомскім возеры. Ці падабаецца яму новае месца жыхарства, застаецца толькі здагадвацца. Спадзяёмся, што там лебедзю лепей, чым у  хляве Сенненскай школы-інтэрната.

 

Кацярына КАРПОВІЧ.

На здымку:  Аляксандр Якубовіч і вучні школы-інтэрната разам з лебедзем.