Загінулі за Малішы. Внук вернул имя деда-героя, погибшего в 1944 году в бою на Сенненской земле

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

На помніку, усталяваным у пасляваенныя гады ў вёсцы Гарывец Багданаўскага сельсавета, на месцы пахавання партызан, з’явіліся дзевяць новых прозвішчаў: Паваразднюк — начальнік штаба 1-й Віцебскай партызанскай брыгады, Ерамееў, Асхат — камандзіры ўзвода, В.І. Красніцкі, Т.К. Корбан, П.Н.Нікуленка, Н.Е.Танікаў, П.Е. Сімакоў, М.П.Шах — партызаны. Усе яны загінулі ў ноч з 6 на 7 лютага 1944 года пры нападзе на варожы гарнізон вёскі Малішы. У час бою было «знішчана 4 аўтамабілі, 2 павозкі, забіта 96 немцаў і «народнікаў», паранена — 31″. У рукі партызан трапілі трафеі.

  Такую інфармацыю змя­­­шчае данясенне камісара брыгады В.М. Казлоўскага на імя М.Т. Любімава, сакратара Сенненскага падпольнага райкама КП(б)Б. Копію дакумента  нядаўна атрымаў Аляксандр Крас­ніцкі, унук аднаго з загінуўшых партызан, які жыве зараз у вёсцы Ржавец Бешанковіцкага раёна. Ён накіраваў запыт у музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мін­ску. Пазней нашчадак партызана пабываў і на Сенненшчыне: у вёсках Малішы, ля  якой загінуў дзядуля, Канева, дзе пасля бою былі пахаваны народныя мсціўцы. У пасляваенныя гады, іх рэшткі  перанеслі ў брац­­кую магілу вёскі Гарывец. А вось імёны на памятнай пліце тады чамусьці не з’явіліся.

 Несправядліваць адноўлена. Новую шыльду на помніку з імёнамі партызан устанавіў выканкам Багданаўскага сельскага Савета дэпутатаў. На цырымонію яе адкрыцця былі запрошаны Сяргей Мяцеліца, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама, Сяргей Пін­чук, ваенны камісар Сенненскага раённага ваеннага камісарыята, Аляк­сандр Абушкевіч, першы сакратар РК ГА «БРСМ», Яўген Усціновіч, старшыня раённага Савета ветэранскай арганізацыі, вучні і настаўнікі Багданаўскай школы, жыхары суседніх вёсак.

 Прыехаў і Аляксандр Крас­ніцкі, дзякуючы якому ў першую чаргу, удалося ўстанавіць месца пахавання, увекавечыць імёны людзей, якія ў гады ваеннага ліхалецця не засталіся ўбаку ад барацьбы за родную зямлю. Унук пар­ты­зана падзяліўся ўспамінамі пра дзядулю, яго пар­тызанскія будні, пра якія ён ведае з успамінаў сваякоў, з музейных дакументаў.

 — Мне і маім родзічам цяпер будзе куды прыехаць, каб пакланіцца праху роднага нам чалавека. Дзякуй усім, хто меў дачыненне да высакароднай справы, — сказаў Аляксандр Красніцкі, выступаючы перад прысутнымі.

 У Беларусі працягваюцца пошукі рэшткаў загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, аднаўленне імён невядомых патрыётаў, бо гэта патрэбна ўсім нам, грамадзянам краіны. Людская памяць  пра мінулае гарантуе будучыню дзяржаве.

 Л.ІЎЕЎ.

 На здымках:  Аляксандр Красніцкі побач з брацкай магілай, дзе пахаваны яго дзядуля; у час цырымоніі адкрыцця шыльды з новымі імёнамі партызан на магіле ў вёсцы Гарывец шыльды на помніку.