Детство под знаком качества. Сенненская школа-интернат стала участником престижной российской выставки

  Сенненская школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, прыняла ўдзел у Трэцяй Усерасійскай выставе «Лепшае — дзецям». 

Арганізатарамі яе выступілі Грамадская палата Расі­йскай Федэрацыі, Урад Масквы, міжнародная дабрачынная арганізацыя «Будучыня жанчыны», пры падтрымцы Дзяржаўнай Думы, Урада Расійскай Федэрацыі, Усерасійскай палітычнай партыі «Адзіная Расія».  

 Усё самае лепшае, што створана на сённяшні дзень для дзяцей,  было прадстаўлена ў Цэнтральнай выставачнай зале «Манеж». Сваю прадукцыю прэзентавалі вытворцы дзіцячых тавараў і прадставілі больш за 200 экспанентаў. Асобнае месца займалі інавацыйныя праграмы ў сферах адукацыі, аховы здароўя, сацыяльных праграм, дабрачыннасці, развіцця фі­зічнай культуры, арганізацыі дзіцячага адпачынку, падтрымкі мацярынства і дзяцінства.

 Сенненская школа-інтэрнат у прэстыжным форуме прымала ўдзел другі раз.

  — Упершыню мы выступілі ў 2010 годзе, праўда, завочна, — расказвае дырэктар Леанід Казлоў. — Сёлета было вырашана папрысутні-чаць на выставе. У рэшце рэшт, дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін (цяпер ужо былы) двойчы аказваў нашай школе дапамогу, таму, нягледзячы на матэрыяльныя і арганізацыйныя выдаткі, мы не маглі адмовіцца ад запрашэння пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі паўдзельнічаць у форуме. Хочацца адзначыць, што значную дапамогу, падтрымку ў арганізацыі паездкі аказалі  ўпраўленне адукацыі аблвыканкама, раённы ад­дзел адукацыі, мясцовыя ўлады.

  Экспазіцыя Саюзнай дзяржавы была прызнана самай змястоўнай і яскравай на выставе. На плошчы 100 квадратных метраў размясціліся стэнды 24-х удзельнікаў. З беларускага боку, акрамя сенненцаў, сваю прадукцыю прадставілі Брэсцкі дзяржуніверсітэт імя А.С. Пушкіна, дзіцячы часопіс «Вясёлка», Мінская фабрыка каляровага друку. Апошняя, да слова, перадала ў падарунак сенненскім дзеткам свае маляўнічыя выданні казак. Побач гучалі імёны выбітных расіян — артыста цырка Юрыя Куклачова і легенды фігурнага катання Ірыны Радніной, якія, у рамках саюзнай экспазіцыі, прэзентавалі свае адукацыйна-выхаваўчыя праекты.

 У Маскву дэлегацыя з Сенненшчыны выправілася ў складзе 4-х чалавек: педагог-псіхолаг Ірына Казлова; выхавацель, арганізатар практыка-арыентаванага праекта Тамара Цярэня; выкладчык пачатковых класаў, кіраўнік гурткоў Наталля Карпека і дырэктар установы Леанід Казлоў.

Вынікі шматгадовай дзейнасці школы лепей за ўсё прадставіла прадукцыя, якую выхаванцы інтэрната робяць уласнаручна пад кіраўніцтвам майстроў і настаўнікаў. З сабой сенненцы прывезлі складную мэблю, мальберты, сталовую і пасцельную бялізну з натуральных тканін, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У наведвальнікаў выставы яны карысталіся попытам. За 4 дні сума ад продажу перавысіла Br3000000. Плюс дадаткова атрыманы заказы на вырабленне мальбертаў і швейных вырабаў з ільну.

А вось самых маленькіх, якім пашчасціла патрапіць у ЦВЗ «Манеж», вабіла месца, дзе давала свой майстар-клас Наталля Карпека. Разам з беларускай майстрыхай юныя расіяне і расіянкі вучыліся рабіць навагоднія і калядныя паштоўкі ў беларускім стылі. Адбою ад жадаючых, кажуць, не было. «Хутка, проста, зразумела і, галоўнае, прыгожа!» — так характарызавалі яе майстар-клас водгукі тых, хто атрымаў на памяць аб выставе эксклюзіўную паштоўку ўласнага вырабу.

— Мы таксама наведалі некалькі майстар-класаў іншых удзельнікаў. Пазнаёміліся з новымі тэхнікамі, якія абавязкова будзем практыкаваць у сябе, — кажа Наталля Карпека.

 Агульным падарункам для ўсіх стала сустрэча з вядомымі асобамі Юрыем Куклачовым і Ірынай Радніной. Апошняй, дарэчы, на выставе быў уручаны медаль «Заслужаны настаўнік» у намінацыі «Трэнер».

 — Але галоўнае, што мы знайшлі на  выставе, — кажа Леанід Казлоў, — гэта плённае супрацоўніцтва з многімі яе ўдзельнікамі.

 Сяброўскія адносіны скла­ліся з часопісам «Вясёлка» і яго рэдактарам Уладзімірам Ліпскім, міжнародным макаранкаўскім аб’яднаннем, шэрагам школ Маскоўскай і Смаленскай абласцей. Асобныя з іх  збіраюцца ў хуткім часе прыехаць на Сенненшчыну, за вопытам.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

 

 На здымках: дэлегацыя з Сенненшчыны (І.Казлова, Л.Казлоў, Н.Карпека і Т.Цярэня) побач са стэндам Саюзнай Дзяржавы; стэнд Сенненскай школы-інтэрнат; сустрэча з П.Барадзіным;  И.Радніной, Ю.Куклачовым;   Л.Казлоў і У.Ліпскі — за плённае супрацоўніцтва