У Ходцах ушанавалі калодзеж

Жыхароў вуліцы Маладзёжная аграгарадка Ходцы смела можна прымаць за гараджан. Замест хат —панэльныя двухпавярхоўкі з пад’ездамі, лесвічнымі пляцоўкамі. Праўда, вокны іх кватэр натыкаюцца не на загазаваныя вуліцы, забітыя аўто,  двары і сцены суседніх шматпавярховак, а на зялёны прастор лугоў, азёраў ды лесу.

 Вясковы краявід насельнікі Маладзёжнай ніколі не зменяць на іншы. Як не зменяць яны і звычцы хадзіць за вадой у студню. Хоць у іх кватэрах, як у вядомым дзіцячым вершыку, ёсць і газ, і водаправод.  Па-сённяшні дзень хадчане дбайна даглядаюць  крыніцу: абнеслі плотам, рэгулярна абкошваюць, чысцяць, фарбуюць дах над ёй.  Сцюдзёная вада, па меркаваннях хадчан, нашмат смачнейшая за тую, што льецца з іх кранаў. «Наш выратавальнік!» — так называюць насельнікі дамоў №3 і №5 па вуліцы Маладзёжная свой калодзеж.

 У пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзя яны сутыкнуліся з цяжкай праблемай. Саўгасны водаправод рэгулярна прарывала, а рамантаваць камунікацыі ў той пераменлівы час асабліва не было каму. Месяцамі людзі пакутавалі без вады. Вось тады і рашылі яны, што трэба вяртацца да практыкі продкаў і будаваць усёй талакой калодзе­ж. За справу ўзяліся мужчыны: Аляксандр Яцкевіч, Алег Стальмакоў, Аляксандр Прыстаўка, Уладзімір Янулёнак, Валерый Баскоў і інш.                      Знайшлі непадалёк водную жылу. Хто капаў, хто падчышчаў, хто ўсталёўваў кольцы, набытыя за грошы жыхароў. Такім чынам, летам 1994 гады ў двары  зусім гарадскіх двухпавярховак з’явіўся самы сапраўдны вясковы калодзеж.

 Зараз вострая неабходнасць у ім адпала. Але павага і ўдзячнасць да свайго «выратавальніка» у людзей засталі­ся.

 Гісторыя калодзежа натхні­ла мастацкага кіраўніка Ходцаўскага Дома культуры, чалавека апантанага і творчага, Любоў Жукоўскую на арганізацыю вулічнага свята —»Жыві, крынічанька, жыві!». Канцэртнай пляцкай стаў двор,  імправізаванай глядацкай залай — лавачкі ля пад’ездаў. Жыхары павыносілі з кватэр табурэткі.

 «Віноўніка» урачыстасці ўбралі бярозавымі галінкамі, кветкамі, вышыванымі ручнікамі. Побач размясцілася выстава захапленняў жыхароў двара: кулінарныя стравы, вышываныя карціны, бісерапляценне, шыццё. Іх аўтары спаборнічалі паміж сабой на званне лепшых гаспадара і гаспадыні, майстра і майстрыхі двара. Акрамя таго, былі прадугледжа­ны намінацыі  «Лепшы пад’езд» і «Лепшы кветнік». Самабытнымі талентамі вуліца Маладзёжная поўніцца. Жывуць на ёй і выбітны лозапляцельшчык Сяргей Грунтоў, заўзяты кветкавод Галіна Кузняцова, самадзейныя артысткі, рукадзельніцы і прыёмныя матулі Жанна Бардзюкова і Галіна Данілава, многія інш.

 Пакуль журы ў асобе старасты­ вуліцы Аляксандра Шчоткіна, жыхарак Галіны Воўк і Галіны Прыстаўкі ацэньвала работы канкурсантаў, а малыя з азартам спажывалі прадстаўленыя кулінарныя шэдэўры, гледачоў (а на свята завіталі госці нават з бліжэйшых вёсак) весялілі звонкагалосыя спявачкі фальклорнага гурта Ходцаўскага СДК «Хадчаначка» пад кіраўніцтвам Любові Жукоўскай: Святлана Прасвяшчэннікава, Алеся Даўкшас, Таццяна Вярцінская, Жанна Бардзюкова, Галіна Данілава.  «Хадчаначкі» пакарылі сваім выступленнем гасцей «Славянскага базару». І сваіх землякоў яны прымусілі падпяваць, скакаць і горача апладзіраваць добрым песням, прыпеўкаў «з перчыкам», гумарэскам у іх выкананні. 

 Эстафету выступоўцаў пераняло малодшае пакаленне Маладзёжнай. Сваёй назве вуліца цалкам адпавядае. Колькасць дзяцей на свяце радавала вока. Самым маленькім не было і гадка. «Ёсць дзеці — будзе і будучыня ў Ходцаў!» — кажуць вяскоўцы. А многія хлопчыкі і дзяўчынкі не супраць таго, каб застацца ў роднай вёсцы. Адна з іх 12-гадовая Кацярынка Шчоткіна — будучы кіраўнік мясцовага ДК. Сваёй маленькай пераемніцы Любоў Сцяпанаўна даверыла «сцэну». Тая з сяброўкамі правяла конкурс загадак. Самы ўгадлівы атрымаў ад дзяўчынак прыз. Ацанілі гледачы і Каціну ігру на цымбалах.  Верш пра сваю сям’ю расказала прыёмная дачушка «хадчанкі» Жанны Бардзюковай Ксенія. А 13-гадовы ўдзельнік кулінарнага конкурсу  Вадзім Данілаў пачаставаў усіх сваім фірменным  яблычным пірагом.

 Напрыканцы свята былі падведзены вынікі конкурсу і ўручаны дыпломы. Лепшай гаспадыняй прызналі Веру Нікіцёнак, чые «Чыпсы па-ходцаўску з зелянінай» прыйшліся даспадобы малым. Гаспадаром з вялі­кай літары стаў Мікалай Данілаў. Яго жонка Галіна за вышываныя работы ўганаравана тытулам  лепшай майстрыхі разам з Надзеяй Салаўёвай, аўтаркай прыгожай бальнай сукенкі. Дыплом за лепшы пад’езд «прапісаўся» па адрасе Маладзёж­ная, 3/1. Узнагароду за лепшы кветнік атрымала жыхарка таго самага пад’езда Галіна Кузняцова.

 Да позняга вечара гудзела свята ля калодзежа. «Без гучных прамоў», як кажуць хадчане. Затое з танцамі, песнямі, дзіцячым смехам і тым заліхвацкім народным запалам, які ўжо не сустрэць у гарадах і ўсё радзей можна ўбачыць у вёсцы. Шчыра дзякавалі людзі сваёй студні за  тое, што сямнадцаць гадоў таму згуртавала іх разам спачатку ў добрай справе, а цяпер і ў агульным свяце.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

 На здымках: «Хадчаначка» ля той самай студні; «Чыпсы па-ходцаўску» ідуць нарасцяг; цяжкі выбар журы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *