З 50-ым нараджэннем! У Сянно зарэгістравалі пяцідзесятае дзіця.

Менавіта пад гэтым нумарам у кнізе рэгістрацыі нованароджанных у Сянно значыцца дачка Уладзіміра і Маі Мяцеліцаў.

 Дзяўчынка з’явілася на свет 27 ліпеня, а ўжо праз тыдзень­ бацька прыйшоў у Сенненскі ЗАГС, каб запісаць немаўля. І даведаўся пра такі збег абставін.

  Пазней Ула­дзімір разам   з жонкай і васьмігадовым сынам завітаў  у  ЗАГС , дзе ва ўрачыстай абстаноўцы ім уручылі пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці. Дзяўчынку назвалі Палінай, што ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае «сонечная».

 — Няхай малышка расце на радасць вам. А ў вашай хаце стане больш святла, цяпла, —  пажадала начальнік аддзела загс Вольга Мялешка.

 Не абышлося і без прыемных сюрпрызаў. Невялічкі сувенір, на якім адлюстравана выява нованароджанага, падарылі старэйшаму брату Паліны. Калі сястрычка падрасце, Андрэй перадасць яго ёй.

 На пытанне: «Ці збіраецеся за трэцім?» — Мая і Уладзімір толькі ўсміхнуліся і нерашуча паціснулі плячыма. Пакуль што ім  хапае клопату з маленькай Пал­і­­най. «А там, як бог дасць», —  кажуць яны.

  Галоўнае, каб дзеці раслі ў радасці, а ў хаце панаваў дабрабыт і шчасце, чаго  і мы ад  усёй душы жадаем сям’і Мяцеліцаў.

 Усяго ж за сем месяцаў гэтага года на Сенненшчыне на свет з’явілася 124 немаўляці, што на чатыры больш у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года.

Кацярына КАРПОВІЧ.

На здымку: шчаслівая сям’я Мяцеліцаў прымае віншаванне ад супрацоўнікаў ЗАГСа.