З 50-ым нараджэннем! У Сянно зарэгістравалі пяцідзесятае дзіця.
Менавіта пад гэтым нумарам у кнізе рэгістрацыі нованароджанных у Сянно значыцца дачка Уладзіміра і Маі Мяцеліцаў.
Дзяўчынка з’явілася на свет 27 ліпеня, а ўжо праз тыдзень бацька прыйшоў у Сенненскі ЗАГС, каб запісаць немаўля. І даведаўся пра такі збег абставін.
Пазней Уладзімір разам з жонкай і васьмігадовым сынам завітаў у ЗАГС , дзе ва ўрачыстай абстаноўцы ім уручылі пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці. Дзяўчынку назвалі Палінай, што ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае «сонечная».
— Няхай малышка расце на радасць вам. А ў вашай хаце стане больш святла, цяпла, — пажадала начальнік аддзела загс Вольга Мялешка.
Не абышлося і без прыемных сюрпрызаў. Невялічкі сувенір, на якім адлюстравана выява нованароджанага, падарылі старэйшаму брату Паліны. Калі сястрычка падрасце, Андрэй перадасць яго ёй.
На пытанне: «Ці збіраецеся за трэцім?» — Мая і Уладзімір толькі ўсміхнуліся і нерашуча паціснулі плячыма. Пакуль што ім хапае клопату з маленькай Палінай. «А там, як бог дасць», — кажуць яны.
Галоўнае, каб дзеці раслі ў радасці, а ў хаце панаваў дабрабыт і шчасце, чаго і мы ад усёй душы жадаем сям’і Мяцеліцаў.
Усяго ж за сем месяцаў гэтага года на Сенненшчыне на свет з’явілася 124 немаўляці, што на чатыры больш у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года.
Кацярына КАРПОВІЧ.
На здымку: шчаслівая сям’я Мяцеліцаў прымае віншаванне ад супрацоўнікаў ЗАГСа.