Галандцы ўпадабалі сенненскі каравай
Ва ўсе часы мецэнаты, фундатары, спонсары карысталіся асаблівай пашанай не толькі ў тых, хто меў патрэбу ў дапамозе і атрымліваў яе, але і наогул у грамадстве.
Шмат паспрыялі ў рамонце Сенненскай ЦРБ фундатары-памочнікі. Медыкі і сёння не адмаўляюцца ад дапамогі. Кіраўніцтва раёна і адміністрацыя бальніцы актыўна шукаюць спонсараў.
Пасля папярэдніх стасункаў намесніка старшыні райвыканкама Зоі Фаміной і галоўнага ўрача медустановы Ігара Мізаўцова з прадстаўнікамі галандскага дабрачыннага фонду «Дапамажы людзям» фонд выказаў гатоўнасць прафінансаваць аднаўленчыя работы аднаго з аддзяленняў ЦРБ.
А нядаўна Сянно сустракала ўдзельнікаў дабрачыннага велапрабегу. На галоўнай плошчы райцэнтра быў арганізаваны невялікі канцэрт. З прывітальнымі словамі да гасцей звярнуліся Зоя Фаміна, Ігар Мізаўцоў і кіраўнік фермерскай гаспадаркі Аляксандр Лапеха.
Галандцам паднеслі традыцыйны каравай, які быў ацэнены на «выдатна» — праз некалькі хвілін не засталося ні кавалачка. Іншаземцаў прама на плошчы запрасілі на беларускі танец. Потым удзельнікаў велапрабегу пачаставалі смачнай вячэрай і ўладкавалі на начлег у сем’і сенненцаў.
На наступны дзень велапрабег стартаваў на Беласток (Польшча).
Таццяна Буракова.