Галандцы ўпадабалі сенненскі каравай

Ва ўсе часы мецэнаты, фундатары, спонсары карысталіся асаблівай пашанай не толькі ў тых, хто меў патрэбу ў дапамозе і атрымліваў яе, але і наогул у грамадстве.

 Шмат паспрыялі ў рамонце Сенненскай ЦРБ фундатары-памочнікі. Медыкі і сёння не адмаўляюцца ад дапамогі. Кіраўніцтва раёна і адміністрацыя бальніцы актыўна шукаюць спонсараў.

 Пасля папярэдніх стасункаў намесніка старшыні райвыканкама Зоі Фаміной і галоўнага ўрача медустановы Ігара Мізаўцова з прадстаўнікамі  галандскага дабрачыннага фонду «Дапамажы людзям» фонд выказаў гатоўнасць прафінансаваць  аднаўленчыя работы аднаго з аддзяленняў ЦРБ.

 А нядаўна Сянно сустракала ўдзельнікаў дабрачыннага велапрабегу. На галоўнай плошчы райцэнтра быў арганізаваны невялікі канцэрт. З прывітальнымі словамі да гасцей звярнуліся Зоя Фаміна, Ігар Мізаўцоў і кіраўнік фермерскай гаспадаркі  Аляксандр Лапеха.

 Галандцам паднеслі традыцыйны каравай, які быў ацэнены  на «выдатна» — праз некалькі хвілін не засталося ні кавалачка. Іншаземцаў прама на плошчы запрасілі на беларускі танец. Потым удзельнікаў велапрабегу пачаставалі смачнай вячэрай і ўладкавалі на начлег  у сем’і сенненцаў.

 На наступны дзень велапрабег стартаваў на Беласток (Польшча).

Таццяна Буракова.