У Сенненскім раёне зладзілі “Беларускі вянок”

«Беларускі вянок» талентаў сабраў у раённым Доме культуры аднайменны фэст нацыянальнай культуры і творчасці. Ініцыятарамі і арганізатарамі яго выступілі Сенненскі Дом рамёстваў і клуб народных майстроў «Натхненне». У фае РДК разгарнулася выстава твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вырабаў беларускіх промыслаў ад сенненскіх майстроў і майстрых. Ганчарства, лозапляценне, саломка, ткацтва, вышыўка і шмат чаго іншага прадставілі яны да ўвагі гледачоў. Наведвальнікі выставы маглі не толькі любавацца ўменнем рук чалавечых, але і пры жаданні набыць эксклюзіўны сувенір.

 Пасля агляду ўдзельнікі і госці фэсту перамясціліся ў глядацкую залу РДК, дзе іх чакаў канцэрт. Канцэртную праграму складалі творы выключна на беларускай мове. У выкананні калектываў дзіцячых школ мастацтваў Сянно і Багушэўска, Сенненскага, Багушэўскага і Белаліпскага Дамоў культуры прагучалі народныя спевы, танцы, музыка сучасных беларускіх аўтараў. Яскравым момантам стала дэманстрацыя гістарычных касцюмаў, зробленых рукамі супрацоўніц Дома рамёстваў і клуба «Натхненне». Шляхецкія сукенкі, народны касцюм, сенненскі строй — дэфіле ахоплівала розныя эпохі, саслоўі і ўзросты. А вось вучні СШ №2 г.Сянно пад кіраўніцтвам настаўніка В.Бандарэвіча прадставілі ўласнаручныя вайсковыя рыцарскія касцюмы.   

 Наведвальнікі фэсту атрымалі сапраўднае задавальненне ад убачанага і пачутага. А майстры да таго ж і ўзнагароды. Кіраўнік «Натхнення» Т.Кучынская ўручыла членам клуба С. Грунтову, В.Бандарэвічу, Р.Пінчуку, Л.Кнацько, В.Латышавай і В.Сахончык Ганаровыя граматы аддзела культуры Сенненскага райвыканкама за актыўны ўдзел у мерапрыемствах.

 Сваё захапленне сенненскім майстрам выказала і госця «Беларускага вянка» — галоўны мастак Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Н.Федарыстава. Яна падкрэсліла, што на Сенненшчыне робяць усё, каб захаваць і перадаць нашчадкам народную культуру. А падобныя фэсты сталі ўжо добрай традыцыяй на сенненскай зямлі.

Вольга Бандарэвіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *