Аграном, урач, даярка…Школьнікам Сенненшчыны не першы год дапамагаюць выбіраць прафесію.
Сустрэчы па прафарыентацыі з вучнямі выпускных класаў сталі ўжо традыцыяй. У гэтым годзе мерапрыемства прайшло ў пачатку красавіка на базе СШ №1 горада Сянно, на якое запрасілі 10- і 11-класнікаў дзвюх сенненскіх школ.
Кадраваму пытанню ў нашым раёне ў апошнія гады надаецца вялікая ўвага. Гэта не толькі спроба вярнуць моладзь на радзіму пасля атрымання спецыяльнасці, але і дапамагчы вучням з’арыентавацца на рынку працы. Запатрабаванасць у спецыялістах той ці іншай галіны часам знікае. Напрыклад, у апошнія гады з’явіліся праблемы з працаўладкаваннем юрыстаў. Згадзіцеся, што атрымаць вышэйшую адукацыю і пакласці дыплом на паліцу, ці таго горш, адразу адправіцца ў цэнтр занятасці, каб перакваліфікавацца — не лепшы варыянт. Менавіта з гэтай мэтай у нашым раёне распрацавана і дзейнічае праграма «Кадры». Зроблены разлікі на бліжэйшых пяць гадоў. Так, па словах начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Алы Бельскай, больш за ўсё будзе запатрабаванасць у спецыялістах сельскай гаспадаркі. Але не менш іх раёну патрэбны прадаўцы, будаўнікі, медыцынскія работнікі, вадзіцелі, рабочыя.
Калі заглянуць на пяць гадоў наперад, то, па прагнозах, складанасці з працаўладкаваннем могуць узнікнуць у педагогаў з тым, што колькасць школ у раёне з кожным годам змяншаецца. Затое спецыялісты сельскай гаспадаркі патрэбны будуць заўсёды: ветэрынарныя ўрачы, заатэхнікі, аграномы, вадзіцелі, аператары машыннага даення. Неабавязкова мець за плячыма вышэйшую адукацыю. З дыпломамі прафесійна-тэхнічнага каледжа ці ПТВ з лёгкасцю можна знайсці работу. Штогод сельскай гаспадарцы патрэбны каля 100 чалавек. Сёння нават трактарысту-машыністу неабходна мець спецыяльную адукацыю, бо сучасная тэхніка ўкамплектавана бартавым камп’ютарам і без адпаведных навыкаў працаваць на ёй немагчыма.
Пра спецыфіку сваіх прафесій і пра навучальныя ўстановы, у якіх можна
атрымаць тую ці іншую спецыяльнасць, расказалі супрацоўнікі РАНС, АТТ «Сенненскі райаграсервіс», РАУС, Сенненскай ЦРБ, ПМК-64. Яны дакладна ведаюць, якіх спецыялістаў не хапае ў іх калектывах, таму падрабязна расказалі і пра ўмовы працы, і пра заробкі. Сваім жыццёвым вопытам падзяліўся старшыня Нямойтаўскага сельскага Савета Анатоль Бараноўскі. Прафесійны шлях ён пачынаў з настаўніцтва, а сёння прадстаўляе мясцовую ўладу.
Атрымаць прафесію можна і праз аддзел занятасці насельніцтва: зваршчыка, будаўніка, швачкі, повара, вадзіцеля. Падчас вучобы прадастаўляецца інтэрнат, выплачваецца стыпендыя і гарантуецца працаўладкаванне. Пра гэта гаварыў начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Сенненскага райвыканкама Аляксандр Мацуганаў.
Раённы аддзел адукацыі не першы год вядзе актыўную работу са школьнікамі выпускных класаў і праводзіць анкетаванні, каб даведацца, куды хочуць паступаць іх навучэнцы. Як паказаў аналіз, прыкладна палова выпускнікоў сенненскіх школ плануюць атрымаць вышэйшую адукацыю. Большасць з іх вырашыла абраць будаўнічыя прафесіі, эканамічныя і медыцынскія. Менш за ўсё карыстаюцца папулярнасцю ў моладзі спецыяльнасці, звязаныя з праграмным забеспячэннем, транспартнай сферай, сельскай гаспадаркай.
Каб не памыліцца ў выбары прафесіі, можна звярнуцца па дапамогу да псіхолагаў. Зрабіўшы некалькі тэстаў, вы даведаецеся, якія ў вас тэмперамент, характар і, зразумела, якая спецыяльнасць вам больш за ўсё падыдзе. Псіхолаг УА «Сенненская сярэдняя школа №1 горада Сянно» Мая Паўлоўская (на здымку) расказала школьнікам, па якіх крытэрыях не трэба выбіраць прафесію.
У першую чаргу неабходна слухаць сябе і выбіраць спецыяльнасць па душы. Ніякія парады сяброў ці знаёмых не дапамогуць вам прыняць правільнае рашэнне.
А яшчэ трэба быць працавітым. Невыпадкова сказаў Максім Багдановіч: «Працавітая пчала збярэ мёд і з горкіх кветак». Гэтыя словы беларускага класіка працытавала намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Марына Наваковіч і першы сакратар РК ГА «БРСМ» Аляксандр Абушкевіч.
Кацярына КАРПОВІЧ.