Тэатр пачынаецца са школы

Вясна ў Беларусі традыцыйна багатая на тэатральныя падзеі, пра што сведчыць колькасць розных форумаў і фестываляў. Невыпадкова ў канцы сакавіка адзначаецца Сусветны дзень тэатраў. Сваю лепту ў вясновую тэатральную афішу ўнеслі і сенненцы.

 Падчас канікул калідоры сенненскай сярэдняй школы №1 імя З.І.Азгура поў­ніліся дзіцячым гулам. Вучні з 9 школ раёна прыехалі сюды не вучыцца, а іграць. Конкурс-агляд «Тэатральнае сузор’е» сабраў 10 школьных аматарскіх калектываў. Геаграфія ўдзель­нікаў была прадстаўлена не толькі навучальнымі ўстановамі Сянно і Багушэўска. Свае пастаноўкі на суд гледачоў і журы прывезлі Літусаўская ДАБДС-Ш, Яноўская ДАСДС-Ш імя М.Л.Цурана, Машканская ДАСДС-Ш імя А.К.Гараўца, Сенненская школа-інтэрнат, Багушэўская санаторная школа-інтэрнат, а таксама Цэнтр пазашкольнай работы . Арганізатарамі фэсту выступілі раённы аддзел адукацыі і Цэнтр пазашкольнай работы.

 Параўноўваць прафесіяналаў і аматараў — справа цяжкая, ды і не вартая. Як не варта і недаацэньваць значэнне апошніх. Менавіта ў невялічкіх народных і школьных тэатральных суполках ляжаць вытокі прафесійнага тэатра. На Беларусі школьны тэатр існаваў з ХVІ стагоддзя, пераважна пры царкоўных установах. У ліку яго заснавальнікаў стаялі слынныя дзеячы таго часу, напрыклад, Сімяон Полацкі. Нягледзячы на тое, што школьны тэатр ХVІ і ХХІ стагоддзяў раздзяляе немалы прамежак часу, мэты ў абодвух засталіся аднолькавыя. Гэта і стымуляванне дзіцячай творчасці, у псіхалагічным плане пазбаўленне ад пэўных комплексаў і, безумоўна, падмога ў вывучэнні літаратуры і мовы.

 У рэпертуары ўдзельнікаў «Тэатральнага сузор’я» таксама знайшлося месца літаратурнай класіцы. Прынамсі, калектывы з сенненскай першай і Літусаўскай школ узялі за аснову беларускамоўныя п’есы «Сваты» і «Вечар» Аляксея Дударава. З недзіцячымі ролямі падлеткі справіліся выдатнейшым чынам. У гэтым плане хацелася б адзначыць Яніну Рымар з Літусава ў ролі старой Ганны з пранікнёнай дудараўскай гісторыі пра адзіноцтва трох састарэлых людзей у пакінутай вёсцы. Дарэчы, дзяўчынка была прызнана лепшай актрысай у сваёй узроставай катэгорыі. А «Вечар» заняў другое месца ў галоўнай намінацыі на лепшую пастаноўку.

 Трэцяе месца атрымала павучальная казка «Сквапная вожычыха» ад калектыву «Зорачкі» з багушэўскай СШ №1.

 А вось першае месца дасталося яшчэ адной класіцы школьнай праграмы. Філасоўская казка Антуана дэ Сэнт-Экзюперы «Маленькі прынц» у выкананні «Вясёлкі талентаў» з Машканскай школы была насычана элементамі пластыкі і харэаграфіі.

 Незвычайнай пастаноўкай, вартай эксперыментальнага тэатра, вызначыўся і драмгурток «Мара» з Яноўскай школы. Іх п’еса «Дзынь» па матывах казкі У.Адоеўскага «Гарадок у табакерцы» прызнана «Лепшым рэжысёрскім рашэннем».

  Асобнае месца займалі выступленні лялечнікаў. Пастаноўкі гуртка «Лялечны» цэнтра пазашкольнай работы правераны часам і гледачамі. Яго ўдзельнікі не раз дэманстравалі свае добрыя, павучальныя казкі выхаванцам дзіцячых садкоў, школьнікам, насельнікам вуліц, вёсак.

 Тэатральнае дзейства «Кошчын дом» ад удзельнікаў драмгуртка «Залаты ключык» Сенненскай школы-інтэрната будавалася на цікавым спалучэнні чалавечай і лялечнай гульні. Юныя акцёры і іх лялькі нават мелі аднолькавыя касцюмы.

 Спектаклі абодвух гурткоў вызначаліся і выдатным музычным афармленнем. За што былі адзначаны ў аднайменнай намінацыі.

 Журы на чале са Святланай Кляпцовай, метадыстам                                            раённага

 аддзела адукацыі, выбрала таксама «Лепшага акцёра» і «Лепшую актрысу». Сярод хлопчыкаў пераможцамі сталі Андрэй Воранаў (сенненская ДАСШ №1), Уладзіслаў Кавалькоў (багушэўская ДАСШ №1), Мікіта За­масці­новіч (Машканская ДАСДС-Ш). У дзяўчынак пераможцы размеркаваліся па ўзросце. Ад 10  да 14 гадоў: Ганна Васіль­ева (багушэўская ДАСШ №1), Яніна Рымар (Літусаўская ДАБДС-Ш), Алеся Васілёнак (ЦПР). Ад 15 да 18 гадоў: Вераніка Казлова (Машканская ДАСДС-Ш), Аляксандра Навасад і Вераніка Храпавіцкая   (сенненская ДАСШ №2).

 Разам з тым журы вызначыла і лепшых у эпізадычных ролях. Імі сталі Крысці­на Крыштопенка (сенненская ДАСШ №1) і Ганна Васілёнак (ЦПР).

 Магчыма, для кагосьці з юных акцёраў школьныя падмосткі стануць прыступкай да прафесійнай сцэны. Тым часам у планах аргані­затараў зрабіць тэатральны фэст штогадовым.  

Вольга Бандарэвіч.

 На здымку: выступаюць артысты Сенненскай школы-інтэрната.