Прыём у шырокім фармаце на Сенненшчыне правёў начальнік упраўлення аховай здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач.

Падобныя «шырокафарматныя» сустрэчы з чыноўнікамі такога рангу на Сенненшчыне з’ява дастаткова рэдкая. Магчымасць пачуць інфармацыю аб развіцці сістэмы аховы здароўя ў бліжэйшую пяцігодку, як кажуць, з першых вуснаў выкарысталі таксама старшыні сельскіх і пасялковага Саветаў, старэйшыны вёсак, медыцынскія работнікі ўстаноў аховы здароўя раёна. Таксама ў размове з насельніцтвам прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна ў асобах старшыні райвыканкама Эдуарда Герасі­менкі, яго намесніка Зоі Фаміной, старшыні раённага Савета дэпутатаў Міхаіла Вілюгі. Прысутнічаў і галоўны ўрач Сенненскай цэнтральнай раённай бальніцы (ЦРБ) Ігар Мізаўцоў.   

 Размова з людзьмі стала галоўнай мэтай сустрэчы. Кожны прысутны мог задаць высокаму госцю хвалюючае пытанне, выказаць свае меркаванні і прапановы. Спецыяльна для гэтага ў зале былі ўсталяваны мікрафоны. Сенненцы такой магчымасцю скарысталіся. Пытанні тычыліся розных кірункаў работы сістэмы мясцовай аховы здароўя. Безумоўна, праблем у гэтай далікатнай сферы хапае. Аднак немалаважна, што сярод іх у адрас сенненскіх медыкаў гучала і нямала добрых, удзячных слоў. 

 Былога ветэрана МУС хвалявала адсутнасць у Сенненскай ЦРБ апарата фібрагастрадуадэнаскапіі (ФГДС). Каб прайсці абсле­даванне, язвенікі вымушаны ездзіць у Віцебск.

 Справа ў тым, што гэтае абсталяванне закупляецца не на вобласць, а цэнтралі­завана на рэспубліку. Летась у беларускія лячэбныя ўстановы паступіла 15 такіх апаратаў, патлумачыў Юрый Дзеркач і абнадзеіў: у хуткім часе будзе закуплена яшчэ 25 адзінак. Адзін з іх паступіць у Сенненскі раён.

 Прававы аспект закранула жыхарка Сянно і ўкраінка па пашпарце. Чаму гра­ма­дзя­не суседняй Украіны, якія пастаянна жывуць і працуюць у Беларусі, плацяць падаткі, вымушаны яшчэ плаціць за медыцынскія паслугі як іншаземцы?

 Гэта міждзяржаўныя рашэнні. І беларусы ва Украіне таксама плацяць як замежныя грамадзяне. Аднак міграцыі, асабліва славянскага насельніцтва, дзяржава сёння надае прыярытэт. Таму, магчыма, пэўныя паслабленні для суседніх краін з цягам часу будуць прыняты, адказаў Юрый Дзеркач.   

 Старшыня Машканскага сельсавета Леанід Шаеў агучыў агульную просьбу землякоў: арганізаваць у Машканскай бальніцы сястрынскага догляду стацыянар, каб вяскоўцы маглі прымаць неабходныя працэдуры на месцы, а не ехаць штораз у Сянно. Дарэчы, гэтую праблему ўзняла і жыхарка вёскі Обаль, інвалід ІІ групы.

 На жаль, бальнічкі сястрынскага догляду на сёння больш запатрабаваны, асабліва ў сельскай мясцовасці. Вясковае насельніцтва змяншаецца і няўхільна старэе. А старыя людзі па­тра­буюць паўнацэннага догляду. Таму сёння ўлады вымушаны рэарганізоўваць лячэбныя ўстановы ў сацыяльныя. Аднак з меркаваннем машканцаў Юрый Мікалаевіч пагадзіўся пры ўмове, што ў бальніцы ёсць кваліфі­каваны медперсанал і ліцэнзія на гэты від медыцынскіх паслуг. Ён даў даручэнне галоўнаму ўрачу Сенненскай ЦРБ Ігару Мізаўцову арганізаваць на базе бальніцы 4-5 ложкаў стацыянара. У летні перыяд іх колькасць можна павялічыць за кошт свабодных сацыяльных ложкаў.

 Непакой кіраўніцтва Машканскага сельсавета выклікае і пустуючы будынак былога Обальскага дзіцячага садка. Дыхтоўнае  двухпавярховае збудаванне паступова разбураецца. Выратаваць ад знішчэння, на думку мясцовых улад, магла б рэарганізацыя яго ў бальніцу сястрынскага догляду. 

 На погляд Юрыя Дзеркача, гэта пытанне патрабуе неадкладнага разгляду. У свой час даручэнне па рэарганізацыі пустуючых тыпавых будынкаў у сельскай мясцовасці ў сацыяльныя ўстановы было дадзена  ўпраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насель­ніц­тва Віцебскага аблвыканкама. Як выказаўся Юрый Мікалаевіч, асаблівых праблем пры гэтым не павінна ўзнікнуць ні з кадрамі, ні з выдаткамі. Прынамсі, 60% выдаткаў па ўтрыманні ўстановы кампенсуюць самі пенсінеры за кошт пенсіі. Адно, заўважыў чыноўнік, родныя не заўсёды згаджаюцца аддаваць састарэлых у сацыяльныя дамы. Нярэдкія выпадкі, калі дзеці адбіраюць усю пенсію ў старых бацькоў, пакідаючы тых без догля­ду і сродкаў да існавання. У гэтым плане пра­паган­дысц­кую работу павінны актывізаваць мясцовыя ўлады, старэйшыны, супрацоўнікі міліцыі.

 Жыхарка гарпасёлка Багушэўск Вольга Чупік  і яе землякі паспелі ацаніць перавагі абноўленай Багушэўскай па­ліклінікі. Цяпер багушэўцы могуць пахваліцца сучаснай медустановай. А таму ў бліжэйшых планах стаіць будаўніцтва кацельні для Багушэўскай райбальні­цы. Хвалюе жыхароў і сітуацыя, што склалася  вакол абласной туберкулёзнай бальніцы. Хворыя на сухоты свабодна перамяшчаюцца за межы тэрыторыі лячэбніцы.

 Багушэўская паліклініка стала вынікам сумеснай работы абласнога ўпраўлення аховы здароўя і мясцовых улад. Аднак, заўважыў Юрый Дзеркач, у будучым тэрміны будаўніцтва павінны быць нашмат карацейшымі. Што да кацельні, то ўжо падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя. Кошт аб’екта складзе крыху больш за 1 мільярд рублёў.

 Яшчэ больш маштабны інвестыцыйны праект на 500 млрд рублёў чакае туберкулёзную бальніцу. На жаль, у беларускім заканадаўстве ёсць прабел у кантраляванні паводзін людзей з адкрытай формай туберкулёзу. Праблемы б ніякай не было, калі б яны проста не выходзілі за межы медустановы. Але для гэтага на тэрыторыі бальніцы трэба стварыць адпаведную інфраструктуру. У будучым плануецца расшырэнне багушэўскай бальніцы. Усё ж яна для пасёлка мае ў пэўнай ступені градаўтваральнае значэнне. У планах стварэнне да 350 новых (!) працоўных месцаў. А гэта будаўніцтва жылля, аб’ектаў сацыяльнага прызначэння, павышэнне ўзроўню медыцынскіх паслуг. Пакуль жа ў гэтым годзе згодна дзярж­пра­грамы «Туберкулёз» на 2010-2014 гг. запланавана рэканструкцыя асноўнага корпуса багушэўскай туббальніцы. Работы пачнуцца ўжо ў красавіку. Кошт іх складзе 13 млрд рублёў. У якасці меры па недапушчэнні самавольных выхадаў «у горад» хворых на сухоты ў бальніцы ўсталююць пастаянны мілі­цэйскі пост.

 Дарэчы, супакоіў грамадзян Юрый Дзеркач, у Віцебскай вобласці захворваемасць і смяротнасць ад сухот найменшая ў Беларусі.

 На тэрыторыі Багушэўскага сельсавета таксама засталося нямала «нашчадкаў» савецкага мінулага. Піянерскія лагеры, санаторыі сёння стаяць закінутыя. Знайсці ім прымяненне — адна з галоўных задач для мясцовай і раённай улад. У прыватнасці, ад Багушэўскага выканкама паступіла прапанова прыстасаваць пад сацыяльную ўстанову былы дзіцячы санаторый у в.Гапоны.

 Старшыня райвыканкама Эдуард Герасіменка патлумачыў, што на санаторый у Гапонах на дадзены момант падрыхтаваны інвестыцыйны праект, які плануецца выставіць на інвест-форум. Сёння на Сеннен­шчы­не ўжо ёсць вопыт перадачы такіх аб’ектаў інвестарам. Адзін з піянерскіх лагераў выкупіў ААТ «ААБ «Беларусбанк» пад будаў­ніц­тва ведамаснага санаторыя. Гэты напрамак, дарэчы, можа стаць цалкам выгадным для Сенненскага раёна, які ў апошні час пазіцыяніруе сябе як экалагічна чысты куток Віцебшчыны, з цудоўнай прыродай і выдатнымі ўмовамі для адпачынку і турызму.

 У цэлым, сітуацыя ў сферы аховы здароўя на Сенненшчыне актыўна мяняецца ў лепшы бок, адзначыў Юрый Дзеркач. Лячэбныя ўстановы набываюць сучасны выгляд, папаўняюцца медыцынскім абсталяваннем. Так, у самы бліжэйшы час у ЦРБ паступіць біяхімічны аналізатар, які дазволіць больш дакладна праводзіць аналіз. Сенненскія раённая бальніца і паліклініка будуць мець поўны спектр дыягнастычнага абсталявання. У цэлым на рэарганізацыю раённай сеткі медустаноў пойдзе каля 5,5 млрд рублёў. Абнаўляецца аўтапарк машын «Хуткай дапамогі». Вырашаецца кадравае пытанне. Прынята рашэнне накіроўваць у раён віцебскіх спецыялістаў, у прыватнасці, хірургаў на пэўны час, т.зв. вахтавым метадам. Дзеля падрыхтоўкі ўласных, мясцовых, кадраў для выпускнікоў школ бу­дзе прадугледжана мэтавае накіраванне. Раённы бюджэт гатовы аплаціць вучобу ў медыцынскіх навучальных установах пры ўмове, што малады спецыяліст вернецца працаваць на радзіму. «Сёлетні 2011 год абвешчаны годам прыезду нашых выпускні­коў!» —  падкрэсліў у сваю чаргу кіраўнік раёна Эдуард Герасіменка.

Вольга Бандарэвіч.

 НА ЗДЫМКУ: І. Мізаўцоў, Ю.Дзеркач, Э.Герасіменка, З.Фаміна.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *