Жыццё працягласцю ў век

Сто доўгіх гадоў жадаем мы пражыць імянінніку падчас святкаванняў народзінаў і юбілеяў. Цікава, а колькі жыццёвых вех пажадаць тым, хто перасягнуў гэты рубеж? 100, 50?.. Многія навукоўцы лічаць гэта цалкам магчымым, пры ўмове, што чалавек будзе весці здаровы лад жыцця: рэгулярна займацца спортам, прытрымлівацца збалансаванай дыеты, адмовіцца ад усіх шкодных звычак. Напэўна, вучоныя маюць рацыю. Толькі вось самі доўгажыхары пра гэтыя рэкамендацыі ведаць не ведаюць. Іх сакрэт доўгажыхарства просты: жыць, колькі Бог адвёў. Але наўрад ці камусьці з нас захочацца паўтарыць іх жыццёвы шлях і перажыць віхурнае дваццатае стагоддзе, з яго крывавымі сусветнымі войнамі, рэвалюцыямі, экалагічнымі катастрофамі…  

 У Сенненскім раёне тых, каму 100 і больш, пражывае 4 чалавекі. Сярод іх жыхарка вёскі Старая Беліца Надзея Барысаўна Баканоўская. Свой стогадовы юбілей яна адзначыла нядаўна ў душэўным асяродку самых блізкіх ёй людзей: дачкі Соф’і Навумаўны, унучкі Людмілы з мужам. Поўны быў дом і прадстаўнічых гасцей. Павіншаваць юбілярку з кветкамі і салодкім пачастункам завіталі старшыня Беліцкага сельсавета Міхаіл Данілаў і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Васіль Васілёнак. Было яшчэ і да кветак: у гонар святочнай даты Надзея Барысаўна атрымала адрасную матэрыяльную дапамогу. Музычны падарунак паднеслі супрацоўнікі Полыменскага сельскага Дома культуры.

 З-за прыгожых восеньскіх кветак, здаецца, і сама юбілярка памаладзела. За ўвесь час нашай размовы Надзея Барысаўна ніводнага разу не паскардзілася на самаадчуванне, адмаўлялася ад прапановы вярнуцца ў ложак.

 За сваё стагоддзе яна зведала столькі ўсяго, што хапіла б на некалькі чалавечых лёсаў. Нарадзілася Надзея Барысаўна ў далёкім 1910 годзе ў вёсцы Заполле. Сям’я была шматдзетная — 10 дзяцей, з іх 4 дачкі і 6 сыноў. Усе спраўна працавалі, а таму і жылі, па сялянскіх мерках, заможна, гаспадарку вялікую трымалі: карову, свіней. Першая страта напаткала Надзею ў 17 гадкоў, калі памёр яе бацька. Падтрымалі браты і сёстры. У 19 гадоў яна пайшла працаваць у мясцовы калгас «Рассвет» Раснянскага сельсавета. Маладзенькая калгасніца ніводнай работы не цуралася: жыта жала (усё ўручную), за жывёлай даглядала. Хутка вяселле справіла з мясцовым хлопцам Навумам. Хату пабудавалі, дзеткі пайшлі: Люся, Соня. Жыццё лёгкім ім не падавалася. Але не ведала Надзея таго, што наперадзе яшчэ горшае чакае.

 У пошуку заробкаў Навум вымушаны быў паехаць у Маскву. Там і застала яго вайна. З таго часу пра лёс дзеда Навума яго родным нічога невядома. А Надзея засталася адна з дзвюма маленькімі дачушкамі і старой маці на руках. У калгасе тым часам пачалася эвакуацыя гаспадаркі. Вырашана было накіраваць у бяспечнае месца калгасны статак кароў. А хто пагоніць? Надзея! Яна ж даглядала! Не дапамагло нават заступніцтва дырэктара школы, які прасіў не адпраўляць маладую жанчыну на верную смерць. Тую дарогу яна запомніла

на ўсё жыццё. Дайшоўшы да Багушэўска, сустрэлі адступаючых рускіх салдат: «Вяртайцеся дадому! Немец ужо ў Сянно прыйшоў». Суткамі не еўшыя, людзі вымушаны былі кінуць калгаснае дабро, каб самім уратавацца. Вяртацца давялося па абходных шляхах, раз ад разу хаваючыся ад немцаў у хмызняках ды жыце.

 Не забудзе яна і жудасную расправу над яўрэямі, сведкай якой стала. Стрэлы, крыкі, слёзы жанчын, дзяцей, гулкі стук целаў аб дно ямы ўсплываюць у яе ўспамінах і сёння. Мо таму і будзе дзякаваць Богу Надзея, што захаваў яе сям,ю, калі гарэла роднае Заполле. Дзве хаты — вось і ўсё, што засталося ад вёскі. У чым былі, у тым выбягалі з палаючых хат. Надзея з дочкамі і старой маці жылі ў лазні, змайстравалі самаробную печку. Мужчын не было.

 На парозе смерці яна апынулася і пасля вайны, калі захварэла на тыф.

 — Цяпер жыццё харошае, — кажа яе дачка Соф’я Навумаўна. — У магазінах усё ёсць: каўбасы, рыба, марожанае. А тады адным бобам харчаваліся.  

 Надзея больш не выйшла замуж, усё спадзявалася, што вернецца яе Навум. Больш за 30 гадоў адпрацавала ў калгасе, выхоўвала дзяцей. Старэйшая Люся пераехала ў Віцебск. Малодшая Соня засталася пры маці. Няма большага болю для яе сэрца, чым смерць уласнага дзіцяці. Праз колькі часу Люся памерла пасля доўгай хваробы.

 Вось ужо 48 гадоў жывуць разам Надзея Барысаўна і Соф’я Навумаўна. Пакуль Соня працавала ў магазіне ў Полымі, бабуля Надзя даглядала сваіх унучачак Людачку і Леначку. З такой выхавацелькай і дзіцячы садок не патрэбны. Хоць бабуля была непісьменная, але праз казкі вучыла яна іх народнай мудрасці. Выраслі ўнучкі, раз’ехаліся, а бабуліну навуку не забылі: рабіць дабро, паважаць старэйшых. У 100 гадоў, зразумела,  здароўю не радуешся. Падводзіць яно і 75-гадовую Соф’ю Навумаўну. Неяк Надзея Барысаўна, бачачы, як той цяжка, папрасіла дачку аддаць яе ў бальніцу (на сацыяльны ложак). «Ты ж мая маці! — усклікнула тая. — Ты мяне вырасціла, цяпер мая чарга цябе даглядаць!» Кожны месяц наведваюцца да іх унучкі з сем’ямі: Люда з Бабруйска, Лена з Ходцаў. Яшчэ двое, Яўген і Таццяна, бываюць радзей, бо далёка жывуць. Акрамя таго, у Надзеі Барысаўны васьмёра праўнукаў і адна прапраўнучка. Улетку чатырохгадовую Лерачку прывозілі да прапрабабулі.

 Пяць пакаленняў адной сям’і з’ядналіся за святочным сталом, каб пажадаць галоўнай маці, бабулі доўгіх год жыцця. Хоць 50, 100 гадоў. Хай добрым людзям Бог адводзіць доўгі і шчаслівы век.

Вольга Бандарэвіч.