Як повар з Машкан стала паштальёнам

Наталля Озал (на здымку) пяць год таму вырашыла кардынальна змяніць прафесію. Раней жанчына працавала поварам, сёння — аператарам паштовай сувязі.

 Пасля дэкрэтнага адпачынку Наталля Браніславаўна не захацела вяртацца на былое месца працы. Неяк выпадкова даведалася, што ў Машканскае ад­дзяленне паштовай сувязі патрэбны чалавек. Ніякіх навыкаў працы на камп’ютары  жанчына не мела. Таму з дня ў дзень пачала практыкавацца. За абучэнне будучай памочніцы ўзялася начальнік Машканскага аддзялення паштовай сувязі Людміла Агеенка. Аб чым не шкадуе, бо Наталля Браніславаўна стала яе правай рукой.

 Кардынальна мяняць прафесію было няпроста. Тым больш, што новая работа патрабавала ўважлівасці, адказнасці і сканцэнтраванасці. Сёння аператары паштовай сувязі выконваюць не адзін дзясятак аперацый. Гэта і грашовыя пераводы, аплата камунальных паслуг, пенсіённыя выплаты і шмат чаго іншага. Новая спецыяльнасць прываблівае Наталлю Озал яшчэ і тым, што працаваць штодзень прыходзіцца з людзьмі.

 У вольны час Наталля з задавальненнем вяжа. Тры яе дачкі заўжды выдзяляліся сярод сябровак тым, што былі апрануты ў арыгінальныя сукенкі ці спадніцы, звязаныя рукамі маці.  Але не толькі вязаннем цікавіцца Наталля Браніславаўна. Нядаўна раённы вузел паштовай сувязі праводзіў конкурс «Маё захапленне», дзе жанчына прадставіла  на суд журы свае вырабы. У намінацыі  «Рукадзелле» яна заняла ганаровае другое месца.

 Кацярына КАРПОВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *