Калі літусаўскія акцыянеры пачнуць атрымліваць дывідэнды?

Справаздачны сход прайшоў у  ААТ «Літусава».  Са зменай шыльды мала што змянілася: той жа калектыў, тыя ж спецыялісты, кіраўнік. У кааператыве кожны з іх меў свой пай, у акцыянерным таварыстве — акцыі, на якія можна атрымаць дывідэнды, пры ўмове што  таварыства мае даходы. На вялікі жаль, іх няма.. Па выніках работы за 2010 год прыбытак,  і то з улікам дзяржаўных датацый, атрымалі калектывы ДП «Саўгас імя Машэрава» і  ААТ «Бяленева».

 У парадак работы справаздачнага сходу наглядальны савет акцыянернага таварыства «Літусава»  ўнёс некалькі пытанняў. У якасці галоўнага  — справаздача выканаўчага дырэктара Міхаіла Каўрыжэнкі, бачанне ім  і спецыялістамі перспектыў  развіцця на  бліжэйшы год. Астатніх удзельнікаў сходу, а сярод іх былі не толькі акцыянеры, але і Антаніна Сунцеева, начальнік аддзела вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама, Міхаіл Вілюга, старшыня раённага Савета дэпутатаў, таксама запрасілі да  абмеркавання вынесенага на разгляд пытання.

 — Такі ўраджай зерневых культур (менш за 15 цэнтнераў з гектара — А.Л.) мы атрымлівалі ў першыя гады маёй працы ў якасці старшыні калгаса, — з горыччу гаварыў Міхаіл Каўрыжэнка ў пачатку свайго справаздачнага даклада. У выніку ў 2010 годзе зерня акцыянеры сабралі ўдвая менш, чым у 2008. Ураджайнасць аказалася меншай, чым сярэднераённая. Большасць прысутных у зале памятаюць часы, калі ў гаспадарцы збіралі па 30 і больш цэнтнераў з гектара.  А вось у 2010 годзе сярэдні заробак па гаспадарцы склаў усяго 673 тысячы рублёў. Зразумела, лепшыя механізатары, жывёлаводы атрымлівалі  намнога больш.

 — Няма за кошт чаго павышаць заробак.  Скажу больш,  рост заработнай платы ў гаспадарцы апераджаў рост прадукцыйнасці працы, — шчыра  выказаўся  кіраўнік акцыянернага прадпрыемства.

 Недабралі летась літусаўцы прадукцыі не толькі ў вытворчасці зерня. Гаспадарка фактычна засталася без бульбы. Сёлета няма нават чым сеяць. Менш нарыхтавалі кармоў. Прыбытак прынесла толькі вытворчасць рапсу.

 Лепш выглядаюць эканамічныя паказчыкі ў жывёлагадоўлі. Тэндэнцыя да росту  вытворчасці малака, мяса захавалася ў першыя тры месяцы бягучага года. Дасягнута яна на фоне зніжэння  расходавання энергетычных рэсурсаў: менш спалілі гаруча-змазачных матэрыялаў, электраэнергіі. У той жа час значныя страты жывёлагадоўля панесла ад падзяжу жывёлы. Дакладчык прывёў такі факт — за тры апошнія гады на фермах акцыянернага таварыства страцілі 500 галоў буйной рагатай жывёлы па прычыне падзяжу.  Чаму, па якіх прычынах,  гаспадарка нясе страты ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, Міхаіл Каўрыжэнка глыбока не аналізаваў.

 Па гэтым жа шляху пайшлі спецыялісты. Выступленне галоўнага заатэхніка Ніны Пучковай звялося  да канстатацыі фактаў: менш атрымалі прыплоду, нізкая захаванасць маладняку — працуем, каб яе знізіць; санітарны стан на ферме Пашкова добры, у Літусаве — дрэнны. Таццяна Хадыка, галоўны ветурач гаспадаркі, сваю справаздачу пачала  акадэмічна: «Мой прафесар казаў, што здароўе жывёлы  пачынаецца з кармоў… » Але ні слова пра тое, якую ролю  ветэрынарная служба павінна адыгрываць у час нарыхтоўкі кармоў.  Пра санітарны стан, пра  мерапрыемствы прафілактычнага характару — таксама маўчок. Па вялікім рахунку спецыялісты так нічога і не прапанавалі, каб змяніць  сітуацыю ў галіне да лепшага.

У жывёлагадоўлі ўсё ж ёсць паказчыкі, якімі можна па-сапраўднаму ганарыцца. За год надой на карову склаў амаль 4000 кілаграмаў малака. Адна з даярак, Алена Маркевіч, надаіла ад кожнай каровы сваёй групы па 4010 кілаграмаў, заняўшы ў раённым спаборніцтве трэцяе месца. Вырасла валавая вытворчасць, палепшылася якасць малочнай прадукцыі. 

 Выступілі са справаздачай і спецыялісты, якія працуюць дзеля вытворчасці прадукцыі раслінаводства. Аляксандр Бянько, галоўны аграном, хоць і спасылаўся на неспрыяльнае надвор’е, часткова прызнаў, што страты зерня на некаторых участках адбыліся таму, што позна прыступілі да ўборкі. Што датычыцца бульбаводства, то нізкая ўраджайнасць «другога хлеба» абумоўлена адсутнасцю на працягу 10 гадоў работы па сортаабмену.

 Запознены выхад на жніўныя палеткі камбайнаў Сяргей Шыбека тлумачыў … недахопам механізатараў, між тым,  сёння ў ААТ «Літусава» працуе 27 механізатараў. Па меркаванні Сяргея Шыбекі — гэтага мала.

 Тым не менш, і Сяргей Аляксандравіч, і Аляксандр Аляксандравіч вясну сустракаюць з аптымізмам. Азімыя, як ніколі, пасеяны ў лепшыя тэрміны, глеба запраўлена неабходнымі ўгнаеннямі. Пад кукурузу з восені ўнеслі гліфасаты, пажыўныя рэчывы, пад сяўбу яравых зерневых таксама ёсць усё неабходнае.

 — 910 гектараў зерневых зможам пасеяць за 10 дзён, калі арганізуем  работу па падрыхтоўцы глебы ў дзве змены, — лічыць Аляксандр Бянько. — Своечасова  падкормім, дагледзім, апрацуем і азімыя, і яравыя пасевы, калі купім яшчэ адзін агрэгат для раскідвання цвёрдых мінеральных угнаенняў. І тады — 38 цэнтнераў з гектара возьмем.

 Смела глядзіць наперад і галоўны інжынер: «Тэхніку сёлета за вясну падрыхтавалі лепш, чым летась».

 Чутае ды  бачыць бы — прыкладна так рэагавала на ўсе гэтыя выказванні Антаніна Сунцеева. Спецыяліст райсельгасхарчу напомніла, што вельмі многае вясной, якая сёлета спазняецца з прыходам, будзе залежаць ад арганізацыі працы, а значыць, як міні­мум, інжынер павінен пастаянна знаходзіцца ў гаспадарцы, а не ехаць за запчасткамі ў Сянно, Віцебск. У гаспадарцы трэба мець забеспячэнца. Абеды механізатарам лепш вазіць у поле, а не механізатараў — у сталовую. На яе думку, яшчэ раз трэба ўважліва перагледзець тэхніку, загрэгатаваць прычапны інвентар, апрабаваць яго да пачатку масавых палявых работ.

 Вынікі сходу падсумаваў Міхаіл Вілюга.

 — У ААТ «Літусава» ёсць усё, каб атрымаць неабходны вынік: спецыялісты, жывёлаводы, механізатары, спрактыкаваны кіраўнік. Дзяржава шмат дапамагае сельгасвытворцам. А значыць, дае вяскоўцам шанц павысіць узровень свайго жыцця.

  Ну, а што акцыянеры? Яны слухалі і маўчалі. Узняцца на трыбуну, выказаць уласнае меркаванне ніхто не захацеў. Толькі  адзін з механізатараў выказаўся наконт якасці новай тэхнікі ды закупачных цэн на сельгаспрадукцыю…

 Аляксандр Лазюк.