Ала Бельская: Любую справу павінны рабіць прафесіяналы

Наша сустрэча з Алай Пятроўнай Бельскай адкладвалася некалькі ра­зоў. Вельмі заняты на службе чалавек, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама з цяжкасцю выкраіла час для гутаркі з карэспандэнтам.

 А субяседнікам аказалася вельмі цікавым. Пра ўсё, што датычылася яе работы, здаецца, каб была магчымасць, расказвала б бясконца і вельмі кампетэнтна. Ды і то, шаснаццаць гадоў працуе Ала Пятроўна ў арганізацыйна-кадравай сферы. Усе прамудрасці гэтай адказнай работы, як кажуць, ведае назубок.  Хаця ў наш імклівы час даводзіцца шмат  вучыцца прама на хаду, каб паспяваць за пераменамі  ў палітычным жыцці і грамадстве краіны.

 У час нашай сустрэчы  з Алай Пятроўнай, якая адбывалася якраз у канцы рабочага дня, начальніка  аддзела арганізацыйна-кадравай работы хвалявалі пытанні, звязаныя з рэзервам кадраў: згодна з Кадравым рэестрам старшыні райвыканкама, рыхтаваліся дакументы на конкурсную камісію.

 У раёне ідзе старэнне кадраў, а таму назіраецца іх недахоп. Праграма «Кадры на 2010-2015 гады» прадугледжвае шэраг мерапрыемстваў па вырашэнні праблемы. Штогод на Сенненшчыну  прыязджаюць 130-140 маладых спецыялістаў. Замацоўваюцца ж прыкладна толькі 67 %. Кантрольная лічба, да якой трэба імкнуцца, 80 %. Гэту работу  аддзел праводзіць  пад кіраўніцтвам і пільнай увагай старшыні райвыканкама Э.М.Герасіменкі, яго намесніка З.С.Фаміной, сумесна з аддзеламі па справах моладзі і адукацыі, упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання,  раённым камітэтам БРСМ і іншымі, гаворыць Ала Пятроўна. Створаны банк даных. Пастаянна вывучаецца  патрэба раёна ў кадрах. Пастаўлена і рэалізуецца задача працаваць са сваёй, мясцовай, моладдзю, якая заканчвае вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Сучасныя маладыя людзі, асабліва тыя, што едуць працаваць на вёску з гарадоў,  разлічваюць на прымальныя бытавыя ўмовы і сацыяльна- культурны ўзровень жыцця. Па меры магчымасці ў раёне ім ідуць насустрач. «Упэўнена, што будучае  — за моладдзю», — зазначае Бельская.

 Наогул, работа з маладымі спецыялістамі, кіраўнікамі — адзін з 27 напрамкаў дзейнасці аддзела. А ў штаце толькі два чалавекі. Таму даводзіцца часта заседжвацца дапазна, афармляючы дакументы, рыхтуючы семінары, працуючы з  уліковымі карткамі і г.д.

 Мінулы год быў для аддзела арганізацыйна-кадравай работы асабліва напружаным і адказным. Выбары ў мясцовыя органы ўлады і кіраўніка дзяржавы — мерапрыемствы, якія запатрабавалі шмат падрыхтоўчай работы, магчыма, нябачнай для простага выбаршчыка, але вельмі важнай і карпатлівай. Новыя палажэнні па правядзенні выбарчай кампаніі патрабавалі асаблівай увагі і дакладнасці. Ролю аддзела  Ала Пятроўна параўноўвае з роляй рухавіка ў аўтамабілі: калі бездакорна працуе матор, дык і машына рухаецца выдатна. Па арганізацыі і правядзенні выбараў раён не меў ні адной заўвагі. Значная заслуга ў гэтым і аддзела, якім кіруе А.П.Бельская.

 Тыя, хто даўно знаёмы з Алай Пятроўнай, ведаюць: ідзе яна па жыцці як чалавек, які прывык любую работу выконваць з поўнай аддачай, імкнуцца да дасягнення найлепшага выніку. Працоўны шлях пачынала ў рэдакцыі раённай газеты,  дзе адпрацавала 7 гадоў. Як добрасумленнага, ведаючага спецыяліста цанілі яе ў Шумілінскім РК ЛКСМБ, які ўзначальвала, і Сенненскім райкаме партыі, у дзіцячым садзе №1 нашага райцэнтра.

 У садок партыйны работнік трапіла пасля сумна вядомых падзей 1991 года, так званага путчу — спробы здзейсніць у СССР дзяржаўны пераварот, у выніку якой Бельская засталася без работы.

 На самой справе, прапаноў было шмат, але выбрала дзіцячы сад. Магчыма, ідэю паспрабаваць сябе ў зусім новай сферы дзейнасці «падказалі» гены маці, якая шмат гадоў была загадчыцай гэтага садка. Праз невялікі час Ала Пятроўна зразумела, што адукацыя журналіста і спецыяльнасць «савецкае і партыйнае будаўніцтва», якую набыла ў вышэйшай партыйнай школе, —  гэта не зусім тое, што можа дапамагчы ў рабоце выхавальніцы. Зрабіла спробу паступіць у Віцебскі педагагічны інстытут на факультэт дашкольнага выхавання, але дакументы не прынялі: маўляў, не было яшчэ выпадку, каб пасля  БДУ паступалі ў інстытут. Але Ала Пятроўна, адстойваючы свой пункт гледжання, што тонкую душу дзіцяці непрафесіяналізмам калечыць нельга, упарта працягвала спробы набыць спецыяльную адукацыю. І ўсё ж паступіла на факультэт перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. Скончыла яго, атрымаўшы спецыяльнасць практычнага псіхолага.

 Але так сталася, што яна не спатрэбілася. Ужо пасля першага года абучэння А.П.Бельскую запрасілі на работу ў Сенненскі райвыканкам. Калі пакідала дзіцячы сад, шкадавалі і бацькі, і выхавальнікі. «Ваша прызванне  — быць педагогам», — гаварылі калегі.

 Канешне, работа педагога даволі публічная, ёсць шмат магчымасцей праявіць сябе, дабіцца грамадскага прызнання. Знаходзячыся на дзяржаўнай службе, зарабіць папулярнасць больш складана. Ды і не імкнецца да гэтага Ала Пятроўна. Сваю, таксама важную для лю­дзей, работу яна выконвае добрасумленна. І гэтага дастаткова, каб адчуваць задаволенасць ад зробленага. Калі ў рабоце цэніць прафесіяналізм, дык у адносінах паміж людзьмі — прыстойнасць, духоўнасць, вернасць.

 Такое разуменне сэнсу жыцця выхавалі ў ёй бацькі, Ніна Сцяпанаўна і Пётр Васільевіч Бельскія, вядомыя і паважаныя ў раёне людзі. Яны прайшлі вайну і, напэўна, таму ўмелі бачыць сапраўдныя жыццёвыя вартасці, галоўным лічылі не матэрыяльныя каштоўнасці, а духоўнае багацце. Кожны на сваім месцы, Ніна Сцяпанаўна, працуючы загадчыцай дзіцячага садка, Пётр Васільевіч (аднаму з нямногіх у той час, яму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік культуры») — рэдактарам раённай газеты, яны прыносілі карысць людзям. Сабралі  вялікую  дамашнюю бібліятэку. У вольны час, з удзячнасцю ўспамінаючы бацькоў, кнігамі з задавальненнем карыстаецца дачка. «Аддаю перавагу творам, напісаным мовай, дзе можна «смакаваць» кожную фразу», — гаворыць Ала Пятроўна. Разам з тым, любіць такія творы, як раман «Уліс» Джойса. Як і многія жанчыны, чытае часопісы, прызначаныя спецыяльна для  цудоўнай паловы чалавецтва, і жаночыя дэтэктывы. Хаця, шчыра прызнаецца мая субяседніца, вольнага часу бывае няшмат.

 І работа Алы Пятроўны Бельскай ацэнена па заслугах. Да шматлікіх грамат, якімі была ўзнагароджана раней, нядаўна далучыліся Ганаровая грамата Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і Ганаровая грамата Сенненскага раённага Савета дэпутатаў і Сенненскага раённага выканаўчага камітэта. Сапраўдным падарункам да юбілею, які адзначыла ў канцы студзеня, стала паездка ў сталіцу: у скла­дзе дэлегацыі нашага раёна, узначальваў якую старшыня райвыканкама Э.М.Герасіменка, прысутнічала на інаўгурацыі Прэзідэнта. «Гэта было незвычайна ўрачыста,— успамінае Ала Пятроўна. — Уражвала сама абстаноўка, магчымасць быць разам з людзьмі, якіх раней бачыла толькі на экране тэлевізара. У зале прысутнічалі палітычныя дзеячы, прадстаўнікі выканаўчай улады, работнікі навукі і культуры. Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка даваў клятву на вернасць народу і краіне. Прысутных не пакідала адчуванне дачынення да агульнай вялікай справы, якую робім усе разам, каб наша дзяржава стала моцнай і квітнеючай, а жыццё людзей — заможным і шчаслівым».

Таццяна Буракова.

 На здымку: начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Сенненскага райвыканкама

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *