І задавальненне, і лекавая крыніца

Піць бярозавы сок у чыстым выглядзе — задавальненне. Гэта прыемны,  асвяжальны і ўмацоўваючы арганізм напітак. Ён з сівой даўніны славіўся сваімі лекавымі ўласцівасцямі — экалагічна чысты, смачны,  прахаладжальны напой, ад кубка якога немагчыма адмовіцца ў любы час, а пасля гарачай парылкі бярозавік проста незаменны.

 Кожны год чалавек павінен спажываць не менш 8-10 літраў бярозавіку. Ён разбурае  мачавыя камяні, эфектыўны пры лячэнні язвы страўніка і печані, галаўнога болю, бранхіту, кашлю, а таксама пры рэўматызме, радыкуліце, артрыце, выдаляе з арганізма шкодныя рэчывы і інш.

 — Усё гэта так, — гаворыць спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя В.П.Макарэвіч. — Аднак збор бярозавага соку ў лясным фондзе Рэспублікі Беларусь, — працягвае Валерый Пятровіч, — рэгламентуецца Правіламі нарыхтоўкі  другасных лясных рэсурсаў і ажыццяўлення  старонняга  лесакарыстання, зацверджанымі пастановай №4 Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 20 сакавіка 2001 года. Грамадзяне і юрыдычныя асобы могуць нарыхтоўваць сок толькі ў насаджэннях, прызначаных для высечак галоўнага карыстання, але не раней чым за пяць гадоў да іх высечкі. Нарыхтоўка бярозавага соку можа таксама праводзіцца на ўчастках, адведзеных для правядзення  іншых высечак і высечак прамежнага карыстання ў год высечкі.

 Пры ажыццяўленні нарыхтоўкі бярозавага соку на тэрыторыі ляснога фонду юрыдычныя асобы  або індывідуальныя прадпрымальнікі  павінны мець лясны білет, выпісаны  юрыдычнай асобай, вядучай лясную гаспадарку.

 Пры ажыццяўленні нарыхтоўкі бярозавага соку на тэрыторыях, не ўваходзячых у лясны фонд, а таксама  дзе гэты від дзейнасці не забаронены, юрыдычныя асобы або індывідуальныя прадпрымальнікі павінны атрымаць  рашэнне мясцовага выканаўчага і распарадчага органа аб прадастаўленні права спецыяльнага карыстання аб’ек­тамі расліннага свету па пэўнай форме.

 — Валерый Пятровіч, мы пакуль вялі размову аб юрыдычных асобах і індывідуальных прадпрымальніках. А просты грамадзянін бясплатна можа нарыхтаваць для сябе сок?

— У адпаведнасці з заканадаўствам грамадзяне могуць ажыццяўляць нарыхтоўку драўнінных сокаў бясплатна на ўчастках лесу, што вызначаны для гэтых мэт юрыдычнымі асобамі, вядучымі лясную гаспадарку, з захаваннем устаноўленых правілаў нарыхтоўкі. Для атрымання інфармацыі аб участках лесу, дзе можна ажыццяўляць нарыхтоўку бярозавага соку, грамадзянін павінен звярнуцца ў лясніцтва па месцы пражывання.

 Пры ажыццяўленні  нарыхтоўкі бярозавага соку неабходна захаваць тэхналогію і правілы яго нарыхтоўкі (колькасць падсочных адтулін, тэрміны збору соку, апрацоўка адтулін і інш.).

 — А дзе забараняецца нарыхтоўка соку?

 —  Нарыхтоўка соку забараняецца на наступных тэрыторыях: гарадскія, курортныя лясы і лесапаркавыя часткі зялёных зон; прыбярэжныя палосы рэк, азёр, вадасховішчаў і іншых водных аб’ектаў; палосы адводу чыгуначных і аўтамабільных дарог, іншых транспартных і камунікацыйных ліній; населеныя пункты; дэндралагічныя паркі, батанічныя сады; месцы пражывання  і росту  дзікіх жывёлін і дзікарастучых раслін, аднесеных да відаў, што ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь; акругі і зоны санітарнай аховы курортаў; гісторыка-культурныя запаведнікі, мемарыяльныя паркі, археалагічныя помнікі; тэрыторыі санаторыяў, дамоў адпачынку, курортаў і ўстаноў аховы здароўя; месцы масавага адпачынку насельніцтва.

 — Якія   меры пакарання прадугледжаны за парушэнне Правілаў нарыхтоўкі драўнінных сокаў?

 — За парушэнне ўстаноўленых правілаў нарыхтоўкі  сокаў устаноўлена адміністрацыйная адказнасць. У дачыненні да грамадзян могуць прымяняцца штрафы ў памеры ад 4 да 50 базавых велічынь (сёння гэта ад 140 тысяч да 1 млн 750 тыс. рублёў), у дачыненні да індыві­дуальных прадпрымальнікаў — да 200 базавых велічынь (7 млн рублёў),  а юрыдычных асоб — да 300 базавых велічынь (10 млн 500 тыс. рублёў).

 — Валерый Пятровіч, дзякуй вам за змястоўную кансультацыю.

 — Піце на здароўе бярозавы сок!

 Са спецыялістам  раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валерыем Макарэвічам гутарыў

 Міхаіл БЯЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *