Хто гаспадар вежы?
Якую ваду мы п’ём? Ці прыгодная яна для спажывання? Калі ў Сянно сітуацыя больш-менш зразумелая, бо з нядаўняга часу тут працуе станцыя абезжалезвання, то да якасці вады ў іншых населенных пунктах раёна ёсць шмат пытанняў.
Каб вырашыць іх — патрэбны немалыя сродкі, якіх, зразумела, няма. Але часам якасць вады становіцца горшай не ад недахопаў фінансаў, а з-за чалавечай абыякавасці.
Большасць артэзіянскіх свідравін знаходзіцца ў сельскай мясцовасці і належыць сельгаспрадпрыемствам, але вада ідзе і на патрэбы вяскоўцаў. Так, 193 свідравіны з 281 утрымліваюцца на балансе сельгасарганізацый. А гэта значыць, што адказнасць за іх стан, абслугоўванне кладзецца на плечы кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Толькі працаваць у гэтым кірунку амаль ніхто не хоча. І нават неаднаразовыя прадпісанні сенненскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сітуацыю не мяняюць.
Згодна з артыкулам 10.2 КаАП, судом Сенненскага раёна да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу прыцягваліся: КУСГП «Полымя», імя Данукалава, імя Гараўца, ААТ «Ульянавічы», «Белая Ліпа», «Сінягорскае», «Какоўчына», «Пурплева», якія не мелі дазволу (па стане на 01.05.2011г.) на спецводакарыстанне і работу ў гэтым напрамку не праводзілі.
Згодна з палажэннямі СанПіНа Рэспублікі Беларусь, зоны санітарнай аховы крыніц водазабеспячэння павінны быць абгароджаны ў радыусе 30 метраў, павільёны зачынены на замок, каб ніводзін чалавек без дазволу не мог трапіць ва ўнутранае памяшканне. А што ў нас?
Часцей за ўсё, падысці да помпы могуць усе жадаючыя. Дзверы памяшкання адчынены. Няма ніякай агароджы. А часам адкрытыя і люкі, у якія можа трапіць не толькі жывёла, але і чалавек.
Зараз жа пагаворым пра факты, якія сталі вядомымі, калі карэспандэнт газеты разам з прадстаўніком раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выехаў у рэйд.
Ля ферм у вёсках Серкуці (ААТ «Пурплева») і Някрашава (ААТ «Какоўчына») водазаборы не абгароджаны. У дахах павільёнаў — дзіркі.
У водазаборы, што знаходзіцца ў населеным пункце Пількавічы, дах адрамантавалі. Праўда, абнесці плотам тэрыторыю забыліся. Хочацца спадзявацца, што недапрацоўка будзе выпраўлена.
Выклікае трывогу водазабор ля фермы ў вёсцы Алексінічы. Тут адсутнічае агароджа, няма дзвярэй, а павільён амаль што патанае ў гноі (на здымку).
Зразумела, помпа падае ваду з глыбіні зямных нетраў, але ўсё тое, што знаходзіцца на паверхні, таксама трапляе ў ваду.
Дастаткова паглядзець, у якім стане знаходзяцца воданапорныя вежы, і ўсе пытанні знікаюць самі па сабе. Не даглядаем вежы, тым самым з кожным годам пагоршваем якасць вады.
Другое пытанне — тэхніка бяспекі. Дзякуй Богу, пакуль ніхто не ўваліўся ў люкі, якіх побач з вежамі дастаткова! У Літусаве, водазабор абгароджаны, знаходзіцца ў даволі добрым стане, але люк адчынены.
Ёсць і яшчэ пытанне: чаму адны сельгаспрадпрыемствы даглядаюць водазаборы, а іншым да гэтага і справы няма? Добрым прыкладам з’яўляецца вежа ў вёсцы Забор’е (ПП «Дружбінец»), дзе ўсе санітарныя нормы вытрыманы.
Кацярына КАРПОВІЧ.