ЖУРНАЛІСТАЎ РЫХТУЮЦЬ У ВІЦЕБСКУ, А МІЛІЦЫЯНЕРАЎ — У МАГІЛЁВЕ.

З 2011 года ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава пачынаецца набор на новую спецыяльнасць — «Беларуская мова і літаратура. Журналістыка». Выпускнікі гэтай спецыяльнасці змогуць працаваць на пасадзе журналіста або выкладчыка.

 У пераліку ўступных экзаменаў на новую спецыяльнасць — беларуская мова (ЦТ), гісторыя Беларусі (ЦТ), творчасць. Апошні экзамен — творчая праца. Яна выконваецца абітурыентамі ва ўніверсітэце. Дапамогу ў падрыхтоўцы да гэтага экзамену аказваюць у вочна-завочнай школе «Беларуская філалогія» (ВЗШ), якая створана ва ўніверсітэце спецыяльна з гэтай мэтай для вучняў 9-11 класаў. Са слухачамі школы працуюць вопытныя выкладчыкі факультэта беларускай філалогіі і культуры. Падрабязней — на сайце www.fbfk.vsu.by. «Эфектыўнасць вучобы ў ВЗШ «Белфіл» відавочная: усе яе выпускнікі 2010 года паступілі ў ВНУ, пераважная большасць — на наш факультэт», — кажа дэкан факультэта В.І.Несцяровіч.

 Але гэта не ўсё. Каб пасту­піць на спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура. Журналістыка», трэба ў красавіку прайсці прафесійна-псіхалагічную гутарку. Рэгістрацыя школьнікаў на гутарку пройдзе ў сакавіку 2011 г. ва ўніверсітэце. У абітурыентаў, якія не зарэгіструюцца і, значыць, не пройдуць прафесійна-псіхалагічную гутарку, проста не прымуць дакументаў у ліпені 2011 года.

 З 2011 года будзе таксама ажыццяўляцца набор на спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура. Практычная псіхалогія». Гэтая спецыяльнасць, як і папярэдняя, спалучае дзве кваліфікацыі і дазваляе працаваць у адной школе настаўнікам і псіхолагам адначасова. Падрыхтоўка абітурыентаў да гэтай спецыяльнасці таксама ажыццяўляецца ў вочна-завочнай школе. Універсітэт ужо аб’явіў дадатковы набор у ВЗШ з 1 лютага 2011 года.

Вольга Мысліцкая.

 

 

 

Будучым міліцыянерам

Міністэрства ўнутраных спраў нашай краіны мае дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы: Акадэмію і Магілёўскі вышэйшы каледж. На дзённай форме навучання ў Акадэміі, якая знаходзіцца ў Мінску, могуць вучыцца юнакі і дзяўчаты 17-25 гадоў, у каледжы — юнакі. Абедзве ўстановы даюць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «правазнаўства». Уступныя экзамены праводзяцца ў форме цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай ці рускай мовах, матэматыцы, грамадазнаўству.

За дадатковай інфармацыяй можна непасрэдна звярнуцца ў аддзел унутраных спраў Сенненскага райвыканкама.

Сяргей Савік,

намеснік начальніка РАУС, маёр міліцыі.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *